У выдавецтве «Логвінаў» выйшла кніга папулярнага сучаснага нямецкага пісьменьніка Грэгара Зандэра «Што было б». Па-беларуску кнігу перастварыў гэтаксама папулярны ў сябе на радзіме Альгерд Бахарэвіч.
Спадар Бахарэвіч распавядае, як нарадзілася ідэя выдаць па-беларуску раман нямецкага пісьменьніка.
«Перакласьці гэты раман мне прапанавала выдавецтва „Логвінаў“. Тры гады таму аўтар прыяжджаў у Менск, мы пазнаёміліся, шпацыравалі па Менску, размаўлялі. Я мадэраваў ягоную вечарыну ў „Кнігарні Ў“. Потым мы зь Юляй [Цімафеевай] (паэтка і перакладчыца, жонка Бахарэвіча. — РС) былі ў яго ў гасьцях у Бэрліне. Інстытут Гётэ падтрымаў выданьне. І вось кніга выйшла. Аўтар — чалавек, які вырас у ГДР, у беларусаў з усходнімі немцамі падобны досьвед, мы добра разумеем адны адных».
Галоўныя героі рамана, як і яго аўтар, нарадзіліся ў падкамуністычнай частцы Нямеччыны. Ніхто зь іх не здагадваўся, што краіна, дзе ім выпала нарадзіцца, неўзабаве зьнікне з мапы. Ніхто зь іх ня мог ведаць, як па-рознаму складуцца іхныя лёсы. Краіна мела назву ГДР, горад быў падзелены мурам, а маладосьць падавалася вечнай.
Каханьне і здрада, сяброўства і нянавісьць, уцёкі і супрацьстаяньне. Вечныя тэмы ў нечаканым антуражы ўмоўнага ладу. Сучасны нямецкі аўтар Грэгар Зандэр зьмяшчае сваіх герояў на скрыжаваньні мінулага і цяпершчыны — і абірае для гэтага стары гатэль у Будапэшце, у якім зьбіраецца дзіўная кампанія ўсходніх і заходніх немцаў. Каб разабрацца ў сабе і іншых — і дапісаць сваю няпростую гісторыю да канца.
«Тваё сэрца б’ецца для цябе. Толькі для цябе.
Нават калі прыходзіць каханьне».
У рэцэнзіі на кнігу на ZeitOnline напісана: «Спакойным голасам і яснай мовай Грэгар Зандэр расказвае нам пра паўсядзённасьць ГДР... Прыцягальнасьць гэтай кнігі ў тым, як вялікая гісторыя ў ёй увесь час мяняецца месцамі з малымі».
Малыя гісторыі галоўных герояў, уцягнутыя ў вялікую гісторыю падзеленай краіны, чытаюцца так, нібы расповед вядзецца пра добрых даўніх знаёмых, зь якімі давялося перажыць крах асабістых лёсаў і аблудных палітычных ідэяў. Што ў ГДР, што ў БССР.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Наста Грышчук: «Для мяне „Белая муха“ важыць больш, чым „Час сэканд-хэнд“»Грэгар Зандэр (Gregor Sander) нарадзіўся ў 1968 годзе ў Германскай Дэмакратычнай Рэспубліцы. Нямецкі пісьменьнік, ляўрэат прэміі Інгеборг Бахман за зборнік апавяданьняў «Зімовая рыба» («Winterfisch», 2011), нямецкай прэміі за лепшае апавяданьне (2013) і іншых.
Аўтар зборніка апавяданьняў «Я ж тут нарадзіўся» («Ich aber bin hier geboren», 2002), раманаў «Адсутны» («Abwesend», 2007), «Што было б» («Was gewesen wäre», 2014), кнігі "Дзёньнік аднаго году"("Tagebuch eines Jahres«, 2014).
Па-беларуску раней кнігі Грэгара Зандэра не выходзілі. Раман «Што было б» упершыню знаёміць беларускага чытача з творчасьцю гэтага папулярнага нямецкага пісьменьніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я нічыйго месца не займала», — Яна Вольская пра мужа і працу