Як сёньня выглядае «малая радзіма» Лукашэнкі. Фотарэпартаж
Пра асаблівае стаўленьне кіраўніка краіны да родных мясьцінаў вядома даўно. Лукашэнка часта бывае на малой радзіме і пільна сочыць за станам гаспадарак Шклоўскага раёну. У 2017 годзе менавіта Копысь выбралі ў якасьці ўзору для ўсіх беларускіх мястэчак.
Александрыя ад Копысі не адстае, нядаўна тут нават адкрылася футбольная акадэмія берасьцейскага «Дынама». Чыстыя вуліцы, акуратныя катэджы. Але ня ўсе ведаюць, што кіраўнік краіны нарадзіўся не зусім у гэтай Александрыі.
Бацькоўскі дом Лукашэнкі фактычна ў іншым паселішчы, на ўезьдзе ў якое стаіць паказальнік «Александрыя-2». Празь яго праходзіць адзіная вуліца з назвай «Родниковая», якая ўпіраецца ў дарожны знак «Віцебская вобласьць, Аршанскі раён».
Яшчэ ў сярэдзіне 2000-х Александрыя ня вельмі адрозьнівалася ад іншых вёсак Шклоўскага раёну. Цяпер розьніца вялікая. Паабапал вуліцы стаяць новыя драўляныя аднатыпныя дамы.
Большасьць будынкаў вельмі падобныя адзін да аднаго.
У цэнтры новая крама, акуратная лазьня, сьмецьцевыя бакі. На платах паштовыя скрынкі на амэрыканскі манер. Побач з бацькоўскай хатай кіраўніка краіны — крытая драўляная альтанка.
Ля дамоў амаль няма людзей. У вёсцы ціха і не відаць руху.
Двухпавярховы драўляны комплекс за шлягбаўмам. На ім яшчэ ня скончаныя будаўнічыя работы. Мясцовыя кажуць, гэта «яшчэ адна рэзыдэнцыя» славутага земляка.
Асфальт на адзінай вуліцы ідэальны.
Адзіны будынак у вёсцы, абнесены высокай агароджай.
Насупраць дома, дзе некалі жыла маці кіраўніка Беларусі, акуратная лазьня. Моцны драўляны зруб, мэталічны дах. За ёй агароджаная і ахутаная зялёнай плёнкай спартовая пляцоўка. З дарогі відаць толькі баскетбольныя шчыты з кольцамі.
Будоўля.
Вакол вёскі палі, удалечыні лес. Частка акуратна ўзараных (ні каменьчыка) палеткаў агароджаная зялёным мэталічным плотам. Падобным да таго, якім абнесьлі Курапаты.
Частка палеткаў у Александрыі таксама агароджаная.
Адзін з нешматлікіх нетыпавых дамоў.