Па факце зьнікненьня малалетняга Вані Валошына ў Камянецкім раёне завялі крымінальную справу. Пошукі працягваюцца трэці дзень.
Берасьцейскім абласным упраўленьнем Сьледчага камітэту па факце зьнікненьня дзіцяці распачатая крымінальная справа, паведамляе Сьледчы камітэт.
Увечары 10 красавіка ў Камянецкі РАУС з заявай аб зьнікненьні маленькага сына, якому 1 год і 11 месяцаў, зьвярнулася 18-гадовая жыхарка вёскі Любашкі Камянецкага раёну. Яна паведаміла, што апошні раз бачыла дзіця каля свайго дома прыкладна ў 16.00 у сераду. Захады па апэратыўным пошуку вынікаў не далі.
Цяпер пошук працягваецца, у ім удзельнічаюць сьледчыя, а таксама супрацоўнікі Камянецкага РАУС, раённага аддзелу па надзвычайных сітуацыях, Дэпартамэнту аховы, валянтэры.
Як паведамляе Сьледчы камітэт, у поўным аб'ёме выкарыстоўваецца тэхніка: квадракоптэр, цеплавізары і іншае абсталяваньне. Працу на месцы здарэньня каардынуе кіраўніцтва ўпраўленьня Сьледчага камітэту па Берасьцейскай вобласьці.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад страху пакараньня ці ад нястачы ўвагі. Чаму ў Беларусі зьнікаюць дзеці