Кніга Зьмітра Бартосіка «Быў у пана верабейка гаварушчы» на днях выйшла ў Беластоку ў польскім перакладзе. Кнігу, якая зьявілася ў «Бібліятэцы Свабоды» ў 2016 годзе, апублікавала па-польску беластоцкае выдавецтва «Fundacja Sąsiedzi». На польскую мову пераклаў яе Мацей Рэмбач.
Кніга нашага калегі — польскі загаловак: «I miał pan wróbelka, który mówił. Podróże wolności» — будзе прэзэнтавацца з удзелам аўтара на 8-м Міжнародным кніжным кірмашы, які праходзіць у Беластоку 12–14 красавіка.
Анджэй Каліноўскі, кіраўнік выдавецтва «Fundacja Sąsiedzi» і адзін з суарганізатараў кніжнага кірмашу ў Беластоку, патлумачыў Свабодзе, чаму вырашыў выдаць кнігу Зьмітра Бартосіка:
«Для мяне гэтая кніга падалася вельмі важнай, нават ашаламляльнай. Яна паказвае, сярод іншага, як паводзілі сябе падчас вайны такія нацыі, як палякі, немцы, расейцы, беларусы. Я пра такое раней не чытаў. Чытаючы кнігу Бартосіка, я меў асацыяцыі з кнігай Густава Герлінга-Грудзінскага „Іншы сьвет“ і кнігай Юзэфа Чапскага „На нялюдзкай зямлі“».
«Fundacja Sąsiedzi» у Беластоку — адно зь нешматлікіх польскіх выдавецтваў, якое цікавіцца літаратурай у Беларусі і спрабуе выдаваць пераклады сучасных беларускіх аўтараў. Сёлета, акрамя кнігі Зьмітра Бартосіка, выдавецтва апублікавала ў перакладзе кнігу Віктара Шалкевіча «Мястэчка G і ваколіцы». Раней у гэтым выдавецтве зьявіліся пераклады кнігаў Алены Бравы і Барыса Пятровіча.
Анджэй Каліноўскі дадаў, што мяркуе выдаць яшчэ чатыры перакладныя кнігі аўтараў зь Беларусі і тады зможа «хваліцца беларускай літаратурай і паказваць яе на кніжных кірмашах усюды ў Польшчы».
Кніга «Быў у пана верабейка гаварушчы», абапёртая на матэрыялах з праграмы «Падарожжы Свабоды», прынесла Зьмітру Бартосіку прэмію імя Ежы Гедройця ў 2017 годзе.