Паліцыя Эквадору затрымала паплечніка заснавальніка Wikileaks Джуліяна Асанжа. Міністар унутраных справаў Эквадору Марыя Паула Рома не назвала ягонага імя, паведаміўшы, што ён затрыманы ў «сьледчых мэтах».
Паводле інфармацыі Associated Press са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе, затрыманы — распрацоўшчык праграмнага забесьпячэньня са Швэцыі Ола Біні. Яго спынілі ў аэрапорце Кіта пры спробе вылецець у Японію.
Эквадорскія ўлады падазраюць яго ў спробах дэстабілізаваць сытуацыю ў краіне, а таксама ў кантактах з былым міністрам замежных справаў Рыкарда Паціньё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Супраць Асанжа выставілі абвінавачаньне ў дапамозе ўзламаць пароль Мінабароны ЗШАКіраўніца МУС Эквадору таксама распавяла пра тое, што праваахоўныя органы вядуць назіраньне за двума меркаванымі расейскімі хакерамі, якія таксама могуць быць зьвязаныя з Асанжам.
Асанж быў арыштаваны 11 красавіка ў пасольстве Эквадору ў Лёндане, дзе ён жыў ад 2012 году, калі атрымаў прытулак у гэтай лацінаамэрыканскай краіне. Заснавальніка Wikileaks абвінавачваюць у парушэньні ўмоваў вызваленьня пад заклад у 2012 годзе. У Вялікабрытаніі яму пагражае год турмы, а таксама экстрадыцыя ў ЗША, дзе яму выстаўленыя абвінавачаньні ў крадзяжы сакрэтных урадавых дакумэнтаў.