Ва Ўкраіне завялі справу за відэа, у якім Зяленскага зьбівае грузавік

Кандыдат у прэзыдэнты Ўкраіны Ўладзімір Зяленскі

Украінская паліцыя адкрыла крымінальную вытворчасьць «па факце распаўсюду» відэароліка, у якім кандыдата ў прэзыдэнты краіны Ўладзіміра Зяленскага нібыта зьбівае грузавік. Пра гэта паведаміла Нацыянальная паліцыя Ўкраіны.

Справу адкрылі па артыкуле крымінальнага кодэксу Ўкраіны «Пагроза або гвалт у дачыненьні да дзяржаўнага або грамадзкага дзеяча».

Паліцыя высьвятляе абставіны зьяўленьня гэтага відэа і датычных да яго замовы, вырабу і распаўсюдзе. Акрамя таго, рыхтуецца афіцыйны запыт аб яго выдаленьні да прадстаўнікоў сацыяльных сетак.

Штаб Зяленскага абвінаваціў у распаўсюдзе відэа каманду дзейнага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі, бо відэа апублікавалі ў адным з тэлеграм-каналаў, зьвязаных з Парашэнкам.

Цяпер відэаролік распаўсюджвае і сама каманда Ўладзіміра Зяленскага з загалоўкам «Парашэнка апублікаваў відэа, дзе фура зьбівае Зяленскага». Прадстаўнікі Пятра Парашэнкі пакуль не пракамэнтавалі гэтае відэа.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Параўнаньне, спагада, зайздрасьць? Чаму беларусаў цікавяць прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне