Агулам за 4 месяцы 2019 году Рассельгаснагляд зьнішчыў 500 тонаў расьліннай прадукцыі зь Беларусі. Свабода паглядзела, якую беларускую прадукцыю і як забараняў Рассельгаснагляд сёлета.
З 12 красавіка Рассельгаснагляд забараняе пастаўкі яблыкаў і грушаў зь Беларусі. На сайце фітасанітарнага органа Расеі адзначаюць, што гэтая мера часовая. Кіраўнік ведамства Сяргей Данкверт паабяцаў падумаць над тым, каб забараніць пастаўкі трускалак, шампіньёнаў і пэкінскай капусты зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея пагражае забараніць шампіньёны і трускалкі зь Беларусі. Колькі на гэтым страціць МенскЯшчэ 21 сакавіка Рассельгаснагляд увёў часовыя абмежаваньні на ўвоз мяса-касьцявой мукі і бялковых брыкетаў са жвачных з шэрагу краінаў, а 28 сакавіка былі ўведзеныя абмежаваньні на ўвоз ялавічыны на костцы і буйной рагатай жывёлы зь Беларусі. За 2018 год Беларусь экспартавала ў Расею 143 тысячы тонаў ялавічыны больш як на тры сотні мільёнаў даляраў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея забараніла ўвоз зь Беларусі буйной рагатай жывёлы і ялавічыны на костцыЗабароны на пастаўкі беларускай прадукцыі ў Расею Аляксандар Лукашэнка назваў «санкцыямі».
«Я атрымаў пералік пытаньняў, і мяне што зьдзіўляе: кожны дзень чую і чытаю інфармацыю, што наш асноўны гандлёвы партнэр (яны любяць называць сябе партнэрамі) усё больш і больш уводзіць санкцыі супраць Беларусі», — цытуе Лукашэнку БелТА. — Самі знаходзяцца пад санкцыямі і асуджаюць гэта. А ў той жа час падобнай зброяй ваююць супраць найбліжэйшага свайго саюзьніка. То адно прадпрыемства, то другое. Потым морква, салата ці ўжо агуркі не спадабаліся. Нам закрываюць рынак».
У адказ Менск прыгразіў закрыць на рамонт нафтаправод, па якім расейская нафта экспартуецца ў Эўропу. Апошні раз такое здаралася ў студзені 2007 году.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вайна паміж саюзьнікамі. Лукашэнка пагражае прыпыніць транзыт расейскай нафтыГлядзім, якія прадукты Расея не пускае ў Беларусь, а якія ўвогуле зьнішчае.
Зьнішчылі
Паводле навінаў на сайце Рассельгаснагляду, упраўленьне па Бранскай і Смаленскай абласьцях зьнішчыла за 4 месяцы больш за 500 тонаў расьліннай прадукцыі зь Беларусі, у тым ліку 242 тоны яблыкаў, больш за 20 тонаў грушаў.
Нішчылі і іншую прадукцыю: 5,2 тоны сыроў, 640 кіляграмаў цвыркуноў. Груз з цвыркунамі, паводле інфармацыі мытні і Рассельгаснагляду, ня меў ніякіх дакумэнтаў. Тавар палічылі небясьпечным і спалілі на заводзе ўтылізацыі біялягічных адкідаў у расейскай Унечы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 33 каровы, 280 хамякоў і леапард-нелегал: якіх жывёлін не пускалі зь Беларусі ў Расею і што зь імі сталаНе прапусьцілі
Рассельгаснагляд паведамляе, што толькі за люты гэтага году на ўчастку беларуска-расейскай мяжы Пскоўскай вобласьці выявілі 28 парушэньняў. Агулам у Беларусь вярнулі 117 тонаў жывёльнай прадукцыі і 56 галоваў жывёлы.
Таксама ў Беларусь вярнулі 20 тонаў вугроў, 13 тонаў іншай замарожанай рыбы, каля 80 тонаў сырнай прадукцыі.
У студзені Рассельгаснагляд не прапусьціў у Калінінград партыю з 300 тысяч яек зь Беларусі, бо «не змаглі ўстанавіць ідэнтыфікацыйныя нумары прадукцыі». У студзені празь мяжу не прапусьцілі 40 тонаў малочнай прадукцыі, сярод гэтага 20 тонаў сыроў.
За чатыры месяцы забарону ад Рассельгаснагляду атрымалі як мінімум 12 беларускіх прадпрыемстваў — гэта значыць, прадукцыя зь іх часова ня можа пастаўляцца ў Расею.