Хлопчык Ваня Валошын, якому яшчэ няма двух гадоў, выйшаў з дому ў вёсцы Люба́шкі ў Камянецкім раёне на Берасьцейшчыне ўдзень 10 красавіка. Праз суткі пасьля зьнікненьня яго не знайшлі.
Маці Вані зьвярнулася ў міліцыю ў 21:00 10 красавіка. Яна расказала, што сын выйшаў з дому каля 15:00 і не вярнуўся дахаты, паведамляецца на сайце УУС Берасьцейскага аблвыканкаму.
Хлопчык быў «у сінім спартыўным швэдры з чырвонымі палосамі на рукавах».
На пошукі дзіцяці адразу рушылі міліцыянты, ратаўнікі, памежнікі, вайскоўцы. У Любашкі ўжо накіроўваюцца пошукавыя атрады валянтэраў з розных гарадоў Беларусі. Шукаюць дагэтуль.
Як расказаў стараста вёскі Любашкі Міхал Кудзелька, у сям’і чацьвёра дзяцей, Ваня малодшы. Пераехалі сюды каля 10 гадоў таму.
Стараста кажа, што пошукі вядуць каля ста чалавек.
«Хлопцы хадзілі тут, па калодзежах шукалі. Усюдыход прыехаў і паехалі ў лес, на балота. Чалавек сто. Увесь вечар шукалі і цяпер шукаюць. Уся вёска ў машынах», — кажа Міхал Кудзелька.
Вёска Любашкі — за 20 кілямэтраў ад Белавескай пушчы, да бліжэйшага лесу каля 4 кілямэтраў.
Тых, хто валодае інфармацыяй пра месцазнаходжаньне Вані Валошына, просяць паведаміць праз тэлефон 102.