У адміністрацыі Першамайскага раёну 10 красавіка спрабавалі правесьці прэзэнтацыю і грамадзкае абмеркаваньне ўшчыльненьня кварталу ў цэнтры Менску ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Чарнышэўскага. Замоўнік праекту на прэзэнтацыю не прыйшоў, а архітэктары ня здолелі адказаць на ніводнае канкрэтнае пытаньне жыхароў.
Прысутныя назвалі прэзэнтацыю нелегітымнай і несапраўднай
Замоўнік праекту — Камітэт архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму — прапануе ў невялікім квартале, абмежаваным вуліцамі Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава, пабудаваць пяць новых наземных паркінгаў (большая частка зь іх — адкрытыя), два шматпавярховікі з падземным паркінгам каля школы і забаўляльны цэнтар з адкрытым паркінгам на 360 машына-месцаў у двары двух жылых дамоў.
Акрамя таго, жыхарам кварталу паабяцалі ўзьвесьці дзіцячы садок на месцы рамонтна-будаўнічага ўпраўленьня, а будынак праз дарогу, у якім раней быў дзіцячы садок, пойдзе пад знос. Прапануецца зьнесьці і адзін жылы дом.
«Навошта нашаму раёну „шчасьце“ ў выглядзе паркінгаў ажно на 1000 машына-месцаў?»
Актавая заля выканкаму цалкам запоўненая, людзі стаяць у праходах. Прысутныя прапануюць пачаць з пытаньняў, але ім спрабуюць паказаць прэзэнтацыйны ролік.
Намесьнік старшыні Першамайскага райвыканкаму Васіль Касавец тлумачыць, што тут адбываецца прэзэнтацыя праекту, а ня сход. Людзі запатрабавалі весьці пратакол. Аднак Касавец заявіў, што на прэзэнтацыях пратаколы не вядуцца.
Экс-дэпутатка Вярхоўнага Савету 13 скліканьня і Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава, якая жыве ў гэтым раёне, спачатку патрабуе прызначыць старшыню і прадставіць народу аўтараў праекту. Замест гэтага запусьцілі прэзэнтацыйны ролік.
Людзі гучна выказвалі нязгоду. На асобных фразах пра «якасьць жылога асяродзьдзя», пра тое, што «зялёную зону чапаць ня будуць» і што «праект ухвалены Міністэрствам культуры», людзі пачыналі пляскаць у ладкі і рагатаць.
Жыхар раёну, старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч запатрабаваў, каб прадставіліся замоўнік праекту і архітэктары. Прадстаўніка замоўніка — Камітэту архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму — у залі не аказалася, і людзі пачалі абурацца, што прэзэнтацыя і сход нелегітымныя.
Праект распрацаваў інстытут «Менскграда», на сход прыйшлі вядучы архітэктар праекту Сьвятлана Сахарава і галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў.
«Паркінг на 790 месцаў, і яшчэ шматпавярховік з паркінгам — навошта нашаму раёну „шчасьце“ ў выглядзе паркінгаў ажно на 1000 машына-месцаў? Навошта тут забаўляльныя цэнтры? Вы чулі Аляксандра Лукашэнку, які казаў, што Менск не гумовы. Навошта ўшчыльняць, забудоўваць цэнтар гораду паркінгамі і забаўляльнымі цэнтрамі? Давайце не нагнятаць абстаноўку!» — кажа Юрась Губарэвіч.
«Гэта камэрцыйныя інтарэсы, якія прадстаўляе і выканкам, і распрацоўшчык»
«Ніякай неабходнасьці ўшчыльненьня няма. Пляну дэталёвага праектаваньня (ПДП) таксама няма. Нас пазбавілі права на інфармацыю — нашага найважнейшага права. За прадстаўленьне непраўдзівай інфармацыі і неінфармаваньне Адміністрацыйным і Крымінальным кодэксамі прадугледжана адпаведнае пакараньне», — абураецца Вольга Абрамава.
Яна распавяла і пра экалёгію, і пра высечку сямі дрэваў, знос дзіцячага садка дзеля будаўніцтва забаўляльнага цэнтру.
«Гэта толькі камэрцыйныя інтарэсы, якія прадстаўляе і выканкам, і распрацоўшчык. Мы ў стане нашай калектыўнай воляй зьвярнуцца да шматлікіх інстанцый. І дойдзем да прэзыдэнта», — запэўніла Вольга Абрамава.
Яна таксама зьвярнула ўвагу прысутных на цытату з дакумэнту «Горадабудаўнічы праект дэталёвага плянаваньня кварталу ў межах вуліц Коласа — Калініна — Чорнага — Сурганава», падкрэсьліўшы словазлучэньне «камэрцыйная прывабнасьць»: «Праектуемая тэрыторыя адносіцца да зоны інтэнсіўнага горадабудаўнічага выкарыстаньня, адзначаецца высокай горадабудаўнічай каштоўнасьцю, камэрцыйнай прывабнасьцю».
Аказалася, што праект быў распрацаваны 5 гадоў таму
Прысутныя пачалі зьвяртацца да прадстаўнікоў «Менскграда». Першае пытаньне — якія перавагі атрымаюць мясцовыя жыхары? Другое — ці ёсьць экалягічная экспэртыза праекту?
Архітэктар Сьвятлана Сахарава паспрабавала перавесьці гаворку на тое, як «на дахах падземных паркінгаў можна саджаць зялёныя насаджэньні, як прасунуліся тэхналёгіі». Людзі пачалі абурацца і гаманіць.
«Паркінгі будуць платныя — па 6 тысяч рублёў за машына-месца. Паркінг — гэта яшчэ і знос дамоў. Адказу на пытаньне мы так і не атрымалі», — заўважыў Юрась Губарэвіч.
Жыхарка дому № 25 Тацяна пытаецца, чаму іх раён у ПДП пазначаны «зь сярэдняй шчыльнасьцю насельніцтва», калі насамрэч ён ужо густанаселены, прыводзіць канкрэтныя лічбы.
«Адкажыце мне, чаму ў вашых дакумэнтах колькасьць насельніцтва, якая будзе пражываць на гэтай тэрыторыі пасьля забудовы, меншая, чым цяпер? Куды падзенецца насельніцтва, калі ўзьвядуць яшчэ два высотныя дамы? Цяпер паліклініка № 13 абслугоўвае 50 тысяч чалавек (замест 36 тысяч па праекце). Тое самае і па сярэдняй школе № 73, якая перапоўненая», — эмацыйна кажа Тацяна.
Архітэктарка Сьвятлана Сахарава адказвае, што тут цяпер няма галоўнага эканаміста, які ўсё гэта разьлічваў.
«Праект не гатовы! На ніводнае пытаньне нам адказаць ня могуць!» — абураюцца людзі ў залі.
Кіраўнік «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў таксама спрабаваў пераканаць прысутных, што праект выкананы на канкрэтных разьліках.
«Што тычыцца паркінгаў, на насельніцтва, якое пражывае ў раёне, патрабуецца 1700 машына-месцаў. Калі сёньня ўсе аўтааматары маюць парковачныя месцы, вы так і скажыце! Мы павінны стварыць тыя ўмовы, якія будуць камфортныя для пражываньня. Яшчэ 400 машына-месцаў трэба пабудаваць для офісаў, устаноў, якія тут разьмяшчаюцца», — тлумачыў галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акеньцьеў.
Аднак падчас далейшага абмеркаваньня, калі людзі задавалі канкрэтныя пытаньні — якая прапускная здольнасьць нешырокіх вуліц Чарнышэўскага, Чорнага, ці зможа там праехаць столькі машын, колькі будуецца машына-месцаў, — высьветлілася, што праект быў падрыхтаваны яшчэ ў 2014 годзе, і, адпаведна, разьлікі рабіліся таксама 5 гадоў таму.
«Адміністрацыя Першамайскага раёну дыскрэдытуе прэзыдэнта»
Грамадзкі актывіст Віктар Барташэвіч паабяцаў зьвярнуцца да кіраўніцы прэзыдэнцкай адміністрацыі Натальлі Качанавай зь лістом, сэнс якога — адміністрацыя Першамайскага раёну Менску не выконвае ўказаньні прэзыдэнта аб забароне ўшчыльненьня. Былі зачытаныя цытаты з выступаў Лукашэнкі на гэтую тэму.
«Адміністрацыя Першамайскага раёну дыскрэдытуе нашага прэзыдэнта», — падсумаваў Віктар Барташэвіч.
Жыхар раёну прапанаваў прызнаць прэзэнтацыю несапраўднай. За гэту прапанову прагаласавалі літаральна ўсе прысутныя ў залі.
Юрась Губарэвіч тады прапанаваў падняць рукі, хто з прысутных падтрымлівае гэты праект. Не паднялося ніводнай рукі. Губарэвіч зьвярнуўся да прадстаўнікоў адміністрацыі — маўляў, «можа вы падтрымаеце праект?» Ніхто таксама не падняў рукі.
На пытаньне Свабоды, ці падабаецца гэты праект намесьніку старшыні Першамайскага райвыканкаму Васілю Касаўцу, чыноўнік адказваць адмовіўся.
«Я ўхілюся ад адказу, бо маё меркаваньне можа аказаць уплыў», — сказаў спадар Касавец.
Юрась Губарэвіч прапанаваў вылучыць у камісію па грамадзкім абмеркаваньні праекту (у якую ўваходзяць 7 чыноўнікаў) некалькі жыхароў раёну і прадстаўнікоў юрыдычных асобаў.
Грамадзкае абмеркаваньне працягнецца да 2 траўня.