Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету 1995 году і канец беларускага парлямэнтарызму. АРХІЎНАЕ ВІДЭА

На пачатку 1995 году Аляксандар Лукашэнка, незадоўга да таго абраны прэзыдэнтам Беларусі, агучыў ідэю рэфэрэндуму, вынікі якога паўплывалі на ўвесь далейшы ход беларускай гісторыі.

11 красавіка 1995 году ён выступіў у Вярхоўным Савеце з канкрэтнай прапановай плебісцыту па чатырох пытаньнях:

  • Аб наданьні расейскай мове статусу дзяржаўнай
  • Аб замене герба «Пагоня» і бел-чырвона-белага сьцяга новай сымболікай
  • Аб надзяленьні прэзыдэнта правам распускаць парлямэнт
  • Аб эканамічнай інтэграцыі з Расеяй.

Нягледзячы на супраціў з боку апазыцыйных парлямэнтароў, Аляксандар Лукашэнка заявіў, што рэфэрэндум будзе праведзены ў любым выпадку — захочуць таго дэпутаты ці не.

Рэфэрэндум аб мове, сымболіцы і парлямэнце

Відэаапэратар Сяргей Чырык зафіксаваў супрацьстаяньне, якое імкліва нарастала паміж прэзыдэнтам і ягонымі апанэнтамі. Унікальныя кадры вясны 1995 году дэманструюць: пытаньні, вынесеныя Лукашэнкам на рэфэрэндум, дэмакратычнай супольнасьцю былі ўспрынятыя як курс на адмову ад нацыянальных каштоўнасьцяў і ўзурпацыю ўлады.

Your browser doesn’t support HTML5

Сустрэча з выбарцамі. 9 красавіка 1995

9 красавіка на прыступках будынка Вярхоўнага Савету на вуліцы Карла Маркса, 38 у Менску, куды потым пераехала адміністрацыя Аляксандра Лукашэнкі, дэпутаты з Апазыцыі БНФ правялі сустрэчу з выбарцамі. Выступоўцы заявілі, што прэзыдэнцкая ініцыятыва парушае Канстытуцыю і непазьбежна прывядзе да расколу ў грамадзтве. У наступныя дні людзі выходзілі на плошчу Незалежнасьці, патрабуючы адмовіцца ад рэфэрэндуму.

Сваёй кульмінацыі напружанасьць дасягнула 11 красавіка, калі Лукашэнка з парлямэнцкай трыбуны заявіў, што рашэньне канчатковае і перагляду не падлягае. У адказ на гэта блізу двух дзясяткаў апазыцыйных дэпутатаў абвясьцілі галадоўку пратэсту, якая скончылася жорсткім разгонам і зьбіцьцём народных абраньнікаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня абвесьцілі галадоўку

Пазьней Генэральная пракуратура выявіла ўдзел у сілавой апэрацыі некалькіх сотняў узброеных людзей, але хто канкрэтна за гэтым стаяў, высьветліць ня здолела: служба аховы прэзыдэнта ігнаравала афіцыйныя запыты і адмовілася прадставіць відэазапіс падзеяў.

Ня так даўно старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла ўзнагародзіла мэдалём у гонар 100-годзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці БНР групу асобаў зь Беларусі і замежжа.

У ліку ганаровай сотні — дэпутаты Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня, якія бралі ўдзел у галадоўцы пратэсту 1995 году. Тады да яе далучыліся Мікола Аксаміт, Сяргей Антончык, Лявон Баршчэўскі, Юры Беленькі, Ігар Гермянчук, Валянцін Голубеў, Барыс Гюнтэр, Лявон Дзейка, Уладзімер Заблоцкі, Лявонці Зданевіч, Мікалай Крыжаноўскі, Віталь Малашка, Мікола Маркевіч, Сяргей Навумчык, Зянон Пазьняк, Сяргей Папкоў, Пётра Садоўскі, Алег Трусаў, Алесь Шут.

Парлямэнтары-галадоўнікі

Першапачаткова да пратэстоўцаў меўся далучыцца дэпутат, палкоўнік міліцыі Ігар Пырх, але ён мусіў класьціся ў шпіталь. Таксама калегі ўгаварылі ўстрымацца ад галадоўкі Галіну Сямдзянаву.

Дэпутацкая недатыкальнасьць не дапамагла

Мікалай Крыжаноўскі быў удзельнікам галадоўкі дэпутатаў у красавіку 1995 году. Пра ўганараваньне мэдалём БНР даведаўся ад Свабоды.

«За што ўзнагарода — за тое, што нас пабілі? — усьміхаецца ён. — Пайшлі на такі крок дакладна ня дзеля таго, каб атрымаць узнагароду. Мера вымушаная, трэба было неяк змагацца — магчымасьці замірэньня вычарпалі. Справа ў тым, што Лукашэнка і апазыцыйныя дэпутаты мелі перад сабой розныя мэты. Прэзыдэнту трэба было ўсё заціснуць у кулак, прымусіць, каб усе хадзілі па струнцы. Ён сьвядома ішоў на канфрантацыю, каб потым апраўдаць сілу. Ён сам не хацеў міру».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мікалай Крыжаноўскі: «Кожны дзень пры Лукашэнку прыносіць нашай краіне вялізарныя страты»

Мікалай Крыжаноўскі дагэтуль перакананы: ёсьць пытаньні, якія нельга выносіць на рэфэрэндум — найперш што тычыцца роднай мовы, гістарычнай сымболікі. Тым самым быў дадзены карт-блянш усяму расейскамоўнаму, зь нябыту зноў выцягнулі сьцяг і герб БССР. Аляксандар Лукашэнка змог сканцэнтраваць у сваіх руках неабмежаваную ўладу і прывязаць беларускую эканоміку да расейскай.

Менавіта прадбачаньне такога тупіку і прымусіла тады парлямэнтароў пайсьці на скрайнюю меру, — кажа экс-дэпутат Крыжаноўскі.

«Мы абавязаныя былі паказаць, што ёсьць адэкватныя дэпутаты з прыстойнай пазыцыяй. Дзейнічалі ня дзеля нейкіх сваіх мэркантыльных інтарэсаў, а дзеля таго, каб не дапусьціць спаўзаньня ў аўтарытарную прорву. Неабходна было, каб усе іншыя адчулі нашу занепакоенасьць, у тым ліку і сам Лукашэнка. Сумняваюся, праўда, што той хоць нешта зразумеў, нічога наконт гэтага не казаў. Прынамсі, не прасіў прабачэньня за тое, што ўчыніў. Такі вось чалавек».

Мікалай Крыжаноўскі

​Тагачасны парлямэнт хоць і быў неаднародны, але, адзначае Мікалай Крыжаноўскі, стаяў на абароне Канстытуцыі. Нават дэпутаты-камуністы бачылі, што прэзыдэнцкія высілкі скіраваныя супраць дзяржаўнасьці.

«Выступіў Зянон Пазьняк, сказаў, што вычарпаныя ўсе магчымасьці змаганьня, таму мы абвяшчаем галадоўку тут і цяпер, — згадвае спадар Крыжаноўскі. — Селі на прыступках каля трыбуны і праседзелі да канца паседжаньня. Ня ведаю, што падзейнічала на камуністычную большасьць у Вярхоўным Савеце — ці захапленьне ўчынкам, ці спачуваньне, што мы рызыкуем. Але яны не падтрымалі ніводнага з прапанаваных Лукашэнкам пунктаў па рэфэрэндуме. Завалілі яму ўсю справу».

Авальная заля 11 красавіка 1995 году

Тады галадоўкай сваю пазыцыю акрэсьлілі 19 дэпутатаў з больш чым 300. Мікалай Крыжаноўскі разважае, якая колькасьць галадоўнікаў магла б заблякаваць ініцыятыву Лукашэнкі.

«Існуе дэпутацкі рэглямэнт, які вызначае, колькі трэба галасоў за тое ці іншае рашэньне. Перадусім, каб была канстытуцыйная большасьць — не 50% плюс адзін голас, а 75%. Так, мы адчувалі, што камуністы нам спачуваюць, але пры гэтым яны не маглі ўстаць са сваіх месцаў і да нас далучыцца. Бо тады не былі б камуністамі, склалася б зусім іншая сытуацыя — яны сталі б такімі, як і мы. А гэта немагчыма».

Парлямэнтары зрывалі маскі са спэцназаўцаў

Калі сэсія скончылася, дэпутаты разышліся, засталіся толькі галадоўнікі. Увечары заявіліся начальнік упраўленьня прэзыдэнцкай аховы Міхаіл Цесавец і начальнік службы аховы Вячаслаў Каралёў, якія заявілі: паступіў званок, што будынак замінаваны, усім тэрмінова пакінуць залю.

Your browser doesn’t support HTML5

«Замінаваньне» будынку Вярхоўнага Савету

Дэпутаты адказалі, што застаюцца пад уласную адказнасьць, гатовыя даць расьпіскі. Прыйшлі сапёры, нічога не знайшлі.Калі ідэя з замінаваньнем не спрацавала, ахоўнікі зноў вярнуліся. Пачалі застрашваць, што ў непрацоўны час у Авальнай залі знаходзіцца нельга. Карэспандэнтку Свабоды Алену Радкевіч, якая адзіная з журналістаў аказалася ў дэпутацкай кампаніі, вывелі з залі і затрымалі. Сьледам пачалі цягнуць Барыса Гюнтэра, але калегі яго адбілі. Сілавікі нібыта супакоіліся і сышлі.

Аднак пасьля поўначы пачуўся крык «дзяжурнага»: Валянцін Голубеў пасьпеў папярэдзіць, што да іх рушаць вайскоўцы. Тым часам людзі ў форме запоўнілі ўсё памяшканьне, прыкладна дзьве сотні чалавек: адны ў чорных масках і камбінэзонах, другія ў шаломах, рэсьпіратарах і з дубінкамі, па пэрымэтры — аўтаматчыкі. Далі 5 хвілін, каб пакінуць залю, інакш будзе штурм. Дэпутаты селі ў прэзыдыюме, сашчапіліся рукамі.

Дэпутацкая акцыя пратэсту

Нехта з камандзіраў даў каманду, падначаленыя кінуліся выконваць загад. Як успамінае спадар Крыжаноўскі, кожнага зь іх «апрацоўвалі» сама меней па трое ўзброеных байцоў.

«Па ўсім было відаць, што гэта ня нашы людзі — лаянка з выразным расейскім акцэнтам, мат-перамат. Адзін хапае за адну руку і заломвае, другі за другую, трэці ззаду б’е па сьпіне — і павалаклі. Рукі заломвалі так, што калі мы зьнялі пабоі, у мяне пухліна на лапатках была сантымэтра на паўтара. Я ішоў, ледзь ня тварам чапляючы зямлю. І нас правялі праз унутраны дворык па прыступках, дзе стаялі міліцыянты, пасьпеў яшчэ сказаць: „Няўжо вам ня сорамна бачыць, як расьпінаюць Беларусь?“».

Your browser doesn’t support HTML5

Галадоўка дэпутатаў Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня. Ноч у парлямэнце

Паводле Мікалая Крыжаноўскага, унізе ўжо стаялі «варанкі». Закідалі па 5–6 чалавек на жалезную падлогу, сядзеньняў не было. Міліцэйскі «бобік» спыніўся каля Палаца мастацтваў, дэпутатаў выкінулі проста на вуліцу. Была 3-я гадзіна ночы.

Раніцай пацярпелыя пайшлі з заявай на супрацьпраўныя дзеяньні ў пракуратуру, адтуль — у паліклініку засьведчыць пабоі. З 19 чалавек большая палова мела яўныя пашкоджаньні: пухліны, сінякі, пісягі па ўсім целе. Найбольш дасталася Зянону Пазьняку, якога білі нагамі ў твар і жывот, выціскалі вочы.

Працуе прэзыдэнцкая ахова

Мікалай Крыжаноўскі згадвае, як Ігар Гермянчук сарваў з аднаго нападніка маску. Той адразу закрыўся рукамі і ўпаў на падлогу, бо апэратыўнікі ўсё здымалі на відэакамэры. Тое ж удалося і Зянону Пазьняку. Потым тыя запісы загадкавым чынам зьніклі.

«Лукашэнка і па сёньня не дае ходу сьледзтву па зьбіцьці дэпутатаў, спрацоўвае інстынкт самазахаваньня, — падсумоўвае Мікалай Крыжаноўскі. — Ён ведае, што калі страціць уладу, то ў Гаазе шмат пытаньняў зададуць: чаму ўвёў у парлямэнт войскі, чаму зьбіў дэпутатаў?. Што ім тады рухала? Відаць, хацеў паказаць, што ён самы моцны, адзіны тут уладар. Інакш хто яму будзе падпарадкоўвацца? Хоць трэба, каб людзі не баяліся, а паважалі».

Вынікам травеньскага рэфэрэндуму стала ня толькі паніжэньне статусу беларускай мовы як адзінай дзяржаўнай ды адмова ад бел-чырвона-белага сьцяга і «Пагоні» як дзяржаўнай сымболікі. У 1996-м Аляксандар Лукашэнка правёў новы рэфэрэндум, распусьціў Вярхоўны Савет і стварыў двухпалатны Нацыянальны сход, дзе няма апазыцыйных фракцый. Пасьля 1995 году ў Беларусі не было выбараў, якія б міжнародная супольнасьць прызнавала вольнымі і дэмакратычнымі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пазьняка ўдарылі нагой у грудзі, выціскалі вочы, білі аб сьцяну»

Гл. таксама: Сяргей Навумчык, "Дзевяноста пяты" (кніга выйшла ў сэрыі "Бібліятэка Свабоды. XXI стагодзьдзе")