Парашэнка ізноў здае аналізы. Гэтым разам антыдопінгавай асацыяцыі

Пятро Парашэнка

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка 10 красавіка прыбыў на НСК «Алімпійскі» ў Кіеве здаваць аналізы прадстаўнікам незалежнай Добраахвотнай антыдопінгавай асацыяцыі (VADA).

Раней былы ўкраінскі баксёр Уладзімер Клічко заклікаў кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі і Ўладзімера Зяленскага 10 красавіка паміж 15 і 18 гадзінамі прыбыць на НСК «Алімпійскі» і здаць аналізы прадстаўнікам VADA.

У штабе Зяленскага заявілі, што ён ня будзе здаваць аналізы прадстаўнікам VADA, арганізацыі, якая правярае на допінг прафэсійных баксёраў і байцоў зьмешаных адзінаборстваў.


Здачу аналізаў 3 красавіка запатрабаваў сам Ўладзімер Зяленскі як перадумову дэбатаў паміж ім і Парашэнкам, каб «даказаць народу, што сярод іх няма ні алькаголікаў, ні наркаманаў».

Але пасьля таго, як Зяленскі здаў аналізы ў прыватнай лябараторыі, яго абвінавацілі ў тым, што яе ўладальнік — паплечнік кандыдата ў прэзыдэнты. Каля штабу Зяленскага прайшоў нават мітынг некалькіх сотняў ягоных крытыкаў.