Беларусь валодае трыма касьмічнымі спадарожнікамі і цяпер пачала працу над чацьвёртым, супольна з Расеяй.
Пра гэта 10 красавіка паведаміў журналістам акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Пётра Віцязь:
«Эскізнае праектаваньне новага спадарожніка знаходзіцца на завяршальнай стадыі. Ягоныя тэхнічныя парамэтры ўзгодненыя. Працоўнае праектаваньне мяркуецца пачаць з 2020 году. Беларускія прадпрыемствы створаць оптыка-электронную мэтавую апаратуру і сумесна з расейскімі распрацуюць наземную інфраструктуру.
Апарат можа быць запушчаны на арбіту ў 2023 годзе. Паколькі спадарожнік сумесны, інфармацыю зь яго змогуць прымаць як расейскі, так і беларускі бакі».
Беларусь ужо мае тры нацыянальныя спадарожнікі — дыстанцыйнага зандаваньня, сувязі і навучальны. Навукоўцы патлумачылі, навошта патрэбен чацьвёрты.
«Галоўная адметнасьць новага апарата ў тым, што ён можа з арбіты разгледзець на зямлі прадмет памерам ад 35 сантымэтраў. Ён спатрэбіцца ў картаграфіі, будаўніцтве гарадоў, дамоў, дакладным земляробстве, лясной гаспадарцы. Можна будзе ацаніць нават стан зялёных насаджэньняў у Менску і на прылеглай тэрыторыі», — тлумачыць намесьнік дырэктара прадпрыемства «Геаінфармацыйныя сыстэмы» Нацыянальнай акадэміі навук Барыс Чарнуха.
Навукоўцы спадзяюцца, што новы спадарожнік стане канкурэнтам на ўсясьветным рынку. У бясспрэчнага лідэра, амэрыканцаў, ужо працуюць апараты са «зрокам» 30 сантымэтраў. Так што ў найлепшым выпадку супольны расейска-беларускі спадарожнік толькі наблізяцца з апаратамі ЗША.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Спадарожнікі, спэктромэтры, зандаваньне Зямлі — 5 касьмічных дасягненьняў БеларусіБеларускі апарат «бачыць», пачынаючы ад двух мэтраў
У «БелКА», спадарожніка, які запусьцілі беларусы яшчэ ў 2012 годзе, галоўны парамэтар — горшы: ён дазваляе разгледзець з космасу прадметы, пачынаючы ад двух мэтраў. За гэтыя гады зьнята болей за 300 мільёнаў квадратных кілямэтраў тэрыторыі. Разьліковы тэрмін эксплюатацыі «БелКА» пяць гадоў. Але тэхнічны стан спадарожніка дазваляе працаваць і далей. Таму прагнозны тэрмін працягнулі да 2021 году.
Навукоўцы не назвалі канкрэтнага кошту дзейнага спадарожніка. Але, паводле экспэртаў, «чыстыя» прыбыткі ад ягонага выкарыстаньня ўжо дасягнулі 18 мільёнаў даляраў. Да таго ж «БелКА» важыць 450 кіляграмаў, а першыя спадарожнікі замежных вытворцаў, якія «бачаць» на два мэтры, важылі дзьве тоны. Кожны дадатковы кіляграм у космасе — гэта вялікія дадатковыя грошы, падкрэсьліваюць навукоўцы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мясьніковіч: беларусы здольныя выйсьці ў космас на ўласным касьмічным караблі