Лукашэнку просяць вярнуць 70 зьнесеных крыжоў ва ўрочышча і адкрыць архівы часоў сталінскіх рэпрэсіяў.
Некалькі актывістаў, у ліку якіх лідэр «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч і каардынатарка ініцыятывы «За ўратаваньне мэмарыялу Курапаты» Ганна Шапуцька, 10 красавіка занесьлі ў адміністрацыю прэзыдэнта зварот да Аляксандра Лукашэнкі, піша Tut.by.
Як растлумачыла Шапуцька, яны лічаць знос крыжоў у Курапатах «актам вандалізму» і «злачынствам супраць грамадзтва», а ня «добраўпарадкаваньнем», як гэта назвалі ўлады.
Яна дадала, што крыжы былі ўсталяваныя на грошы, сабраныя людзьмі па ўсёй краіне — 11 тысячаў рублёў.
«Мы абураныя падобным стаўленьнем да Курапатаў і беларускага грамадзтва, — перадае БелаПАН урывак са звароту. — Вы адкрыта дазваляеце працу рэстарана „Поедем поедим“ у ахоўнай зоне мэмарыялу, за 50 мэтраў ад месца забойства тысяч і тысяч беларусаў. Рэстарацыі, дзе наведнікі побач з чалавечым магільнікам п’янствуюць, забаўляюцца, смажаць шашлыкі, адзначаюць карпаратыўныя сьвяты і г.д.
Вы дазволілі існаваньне цалкам незаконнай пабудовы, адносна якой Генпракуратурай было вынесенае прадстаўленьне, якое так і не было выкананае. Вам ня кідаецца ў вочы дэманстратыўная рэкляма рэстарацыі побач з чалавечым магільнікам, вам кінуліся ў вочы крыжы, сьветлыя крыжы нашай памяці, нашых пачуцьцяў».
Актывісты перадалі разам са зваротам даведку ад 2002 году, падпісаную навуковай кіраўніцай мэмарыялу «Курапаты» Маяй Кляшторнай, якая ўзгадняла ўсталёўваньне «крыжовага пэрымэтру», а таксама рэкамэндацыі 1993 году па мэмарыялізацыі Курапатаў ад праваслаўнай і каталіцкай цэркваў.
8 красавіка былы лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч напісаў заяву ў Генэральную пракуратуру Беларусі — ён таксама ацаніў знос крыжоў як «акт дзяржаўнага вандалізму».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вядомыя людзі пра знос крыжоў у Курапатах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Каго і як пакаралі за пратэсты супраць крыжалому ў КурапатахСталінскія рэпрэсіі ў Беларусі
У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы. Беларусы лічацца трэцімі паводле колькасьці ахвяраў рэпрэсіяў у сталінскія часы.
Your browser doesn’t support HTML5