«Каб вучыцца на памылках». Навошта ў Шчучыне адкрылі музэй СССР

Аўтар экспазыцыі, актор і рэжысэр Вячаслаў Сікора

Чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам, пакой з хрустальным посудам у сэрвізе, газэты з навінамі аб сьмерці Сталіна — у райцэнтры Шчучын на Горадзеншчыне адкрыўся музэйны пакой, прысьвечаны СССР.

«Як толькі адкрыўся пакой, не адбіцца»

Месца, якое прымушае наведнікаў успомніць часы грамафонных кружэлак і дэфіцытных тавараў, зьявілася ў Цэнтры культуры і народнай творчасьці ў Шчучыне.

Вячаслаў Сікора

Аўтар экспазыцыі, актор і рэжысэр Вячаслаў Сікора цьвердзіць, што такога месца не хапала ня толькі яму.

«Як толькі адкрыўся пакой, не адбіцца. Ідуць, і пішуць, і нясуць», — кажа ён.

Паводле суразмоўцы, адразу пасьля адкрыцьця людзі стаялі ў чарзе, каб аддаць свае рэчы савецкіх часоў у экспазыцыю, на «адказнае захаваньне» — пры жаданьні яны заўжды могуць забраць іх назад.

У музэі

Калекцыянэры зь іншых гарадоў тэлефанавалі з зайздрасьцю, маўляў, яны ня могуць атрымаць пад падобную экспазыцыю нават малы пакойчык.

«Ты не ўяўляеш, як табе пашчасьціла, — Вячаслаў пераказвае словы калег. — Мы дзесяцігодзьдзямі выбіваем 20 мэтраў».

Паўтары сотні мэтраў — для савецкіх рэчаў

У Шчучыне пад музэй СССР выдзелілі 150 квадратаў. На ўваходзе — савецкая сымболіка і лёзунгі кшталту «Міру — мір!».

Уваход у музэйны пакой

Унутры — паліцы і стэнды з савецкімі рэчамі. Адразу каля дзьвярэй стаіць бібліятэка на 500 кніг з творамі Леніна і Сталіна. Можна паслухаць нешта з пласьцінак. На іх запісы тэатральных спэктакляў, опэр, савецкіх фільмаў, прамоваў Леніна, вальсы, песьні.

Савецкія пласьцінкі

«Мне цікавыя тыя галасы, тая падача: ёсьць чаму вучыцца. Наведнікі могуць узяць пласьцінкі і паслухаць. Прыкладам, нехта нарадзіўся ў 1965 годзе. Што ў гэты час слухалі мае бацькі, пад якую музыку танцавалі?», — кажа Сікора.

Адзін са стэндаў займаюць маркі, іх больш за 20 тысяч. Сікора кажа, што савецкія маркі і значкі асабліва цікавыя дзецям.

Калекцыя марак

«Пасьля 10 тысяч штук нецікава зьбіраць усё запар, людзі шукаюць каштоўныя, рэдкія маркі, але я зьбіраў усялякія. Бо кожны год усё старое расьце ў цане», — адзначае суразмоўца.

«Паралельна можна расказваць гісторыю, пра якую не пісалі газэты»

За сталом можна пагартаць стос газэт, якія пішуць пра сьмерць Сталіна і Другую ўсясьветную вайну.

Газэта, якая піша пра сьмерць Сталіна

«Тут савецкія тэксты, словы „Мы пераможам“, але ж ніхто ня піша пра тое, як пачалася вайна, хто напаў на Польшчу, хто разьвязаў. Многія і цяпер ня хочуць пра гэта гаварыць», — заўважае аўтар выставы.

На ягоную думку, па газэтах можна ня толькі прачытаць гісторыю, але паралельна расказваць тое, чаго не пісалі і ня ведалі людзі ў СССР.

«Чаму немцы вар’яцелі? Яны пісалі ў сваіх дзёньніках (пра савецкае войска): „Іх нельга перамагчы. Яны людзей не шкадуюць. Яны іх гоняць, як быдла. У нас патронаў не хапае. Яны, калі трапляюць да нас у акоп, голымі рукамі нас разрываюць. Яны ваююць за сваю краіну, бо ведаюць, што калі здрадзіў або трапіў у палон, то сям’я не атрымае паёк, будзе сасланая або расстраляная. Загад Сталіна“», — Сікора пачынае распавядаць паралельную гісторыю, якую нельга было прачытаць у савецкіх газэтах.

Многія рэчы выйшлі з ужытку або сталі рарытэтнымі

Многія рэчы сёньня выйшлі з ужытку або сталі рарытэтам: плёначныя фотаапараты, нямецкія швейныя машынкі, патэфоны, друкарская машынка, мэдыцынскія банькі.

Мэдыцынскія банькі

На паліцы зь бюстамі Леніна ляжыць хіба адзіная ў сьвеце «галава» Гарбачова — зрабіў сябар Вячаслава. На манэкенах вайсковыя мундзіры, школьная форма зь піянэрскім гальштукам і сьвяточныя сукенкі.

Галава Гарбачова

«Народ пасьля вайны падымаў прамысловасьць, сельскую гаспадарку. Людзі, у чым прыйшлі з фронту, у тым і жылі, і працавалі. Вайсковая форма была адной з парадных формаў. Толькі ў 1950-я людзі пачалі лепш апранацца», — працягвае распавядаць пра побыт савецкага чалавека Сікора.

Стварылі тыповы пакой хрушчоўкі, наперадзе кухня

Асобна ў музэй СССР створаны пакой, які мог існаваць у любой хрушчоўцы або брэжнеўцы. Ягоная адметнасьць — камбінаваная шафа-сьценка з хрустальным посудам за зашклёнымі дзьверцамі, дыван на падлозе і на сьцяне, чорна-белы тэлевізар, музычны цэнтар з радыё за 750 савецкіх рублёў.

Савецкі пакой

Бабуліну даматканую посьцілку на канапу і скарбонку ў выглядзе аленя з манэтамі ўнутры прынесла дырэктарка цэнтра культуры Сьвятлана Жвірбля.

«У многіх сьценкі дагэтуль стаяць, але шмат у каго не зьмянілася і якасьць жыцьця», — заўважае Сікора.

Тут жа хочуць стварыць і тыповую савецкую кухню з буфэтам, стандартным сталом і зэдлікамі.

Экспазыцыя на 20 тысяч даляраў

Усяго ў музэйным пакоі болей за 5 тысяч экспанатаў.

Аўтар ацэньвае экспазыцыю сама меней у 20 тысяч даляраў. Кажа, што толькі кнігі каштуюць ад 5 да 50 даляраў. Большасьць рэчаў ён зьбіраў сам цягам 15 гадоў. Спачатку захоўваў на паліцы ў шафе, пазьней перанёс у падвал. Кажа, што музэйны пакой спатрэбіўся, бо не было ўжо дзе захоўваць калекцыю. Рэшту экспанатаў прынесьлі жыхары Шчучына, Горадні ды іншых гарадоў. Нехта нёс, бо ўсё роўна выкідаць, некаторыя адрывалі ад сэрца, каб лепей захавалася ў музэі.

Аўтар ацэньвае экспазыцыю сама меней у 20 тысяч даляраў

Аказалася, што ідэю асобна распрацоўвала кіраўніцтва цэнтра культуры. Паводле іхных плянаў, гэты пакой пасьпелі б адкрыць к 2021 году. Ажно да іх прыйшоў працаваць Вячаслаў Сікора. У выніку шчыльная праца падрыхтоўкі заняла менш за паўгода. Сябар Сікоры Дзьмітры Парай, бізнэсовец, які займаецца мэбляй, бясплатна вырабіў стэляжы для выставы. Зь бюджэту выдаткавалі каля 530 рублёў на рэкляму, банэры.

Уваходны квіток для дарослых будзе каштаваць каля 2 рублёў.

«Мы былі нявольнікамі добрых рэчаў»

Музэй мае быць інтэрактыўным. Рэчы можна браць у рукі, адзеньне апранаць і ў ім фатаграфавацца.

Да таго ж плянуецца кінаклюб, дзе старэйшыя людзі будуць абмяркоўваць савецкія фільмы, расказваць пра сваё жыцьцё ў той час.

«Я думаю, што, як бы ні было цяжка цяпер, магчымасьцяў рэалізаваць сябе нашмат болей. Там усіх стрыглі пад адзін грэбень. Маё дзяцінства было шчасьлівым, але я ня ведаў альтэрнатывы. Бацькі прыяжджалі з-за мяжы і прывозілі нейкія рэчы. Мы былі нявольнікамі добрых рэчаў. Трэба было адстаяць ноч у чарзе, каб купіць лідзкія красоўкі. Не кажу ўжо пра джынсы, калі лічылася, што ты здраднік радзімы. Ды насі ты, што хочаш, чытай, што хочаш! Рамкі — гэта страшная рэч. Мы нараджаемся свабоднымі людзьмі», — эмацыйна прамаўляе Вячаслаў.

«Савецкія людзі былі больш добрыя»

Прычынаў адкрыць музэй СССР у Беларусі, дзе пакуль яшчэ шмат што нагадвае пра гэты пэрыяд, у яго некалькі.

Па-першае, трэба было недзе захоўваць сваю калекцыю.

Па-другое, аўтар экспазыцыі ўпэўнены, што такой калекцыі амаль ні ў кога сёньня няма, а памяць пра савецкія рэчы варта захаваць, бо сучасныя дзеці ўжо ня ведаюць, як раней выглядаў, напрыклад, тэлефон.

«Пачаў зьбіраць, бо вельмі люблю рэчы; каб захаваць тое, што пыліцца ў падвалах», — кажа ён.

Па-трэцяе, на ягоную думку, такі музэй зноў аб’яднае людзей.

«У нас цяпер па 30 тэлеканалаў. Усе ўткнуліся ва ўласнае жыцьцё. Будзеш крычаць „Дапамажыце!“ на вуліцы, і ніхто не адкажа. Раней 9 мая, 7 лістапада сьвяткаваў увесь пад’езд. Калі трэба пазваніць у „хуткую“ ці бацькам, ніхто не „заціскаў“ свой апарат. Савецкія людзі былі больш добрымі. Можа, былі ня тыя каштоўнасьці. Але ніхто ня ведае, як ідэальна», — параўноўвае часы суразмоўца.

Ён кажа, што хоча бачыць найперш добрае.

«У савецкі час былі Салаўкі, ГУЛАГ, расстрэльныя тройкі. Дык давайце жыць толькі кепскім? Менавіта таму чалавек мае быць больш добрым. Трэба не забывацца, а ўмець рабіць урокі і вучыцца на памылках», — кажа мужчына.

У будучыні Вячаслаў Сікора хоча зрабіць музэй Заходняй Беларусі 1917 — 1939 гадоў.

«Там гісторыя багатая: і раскулачваньне, і дэпартацыя», — зазначае ён.

Гэтая публікацыя падрыхтаваная пры выкарыстаньні інфармацыі БелаПАН.