Як фэйкі ў сацсетках прывялі да беспарадкаў у лягерах бежанцаў у Грэцыі. ВІДЭА

Грэцыя

5 красавіка адразу ў некалькіх лягерах мігрантаў у Грэцыі пачаліся хваляваньні, якія хутка перарасьлі ў сутыкненьні з паліцыяй і спэцназам.

Найбуйнейшае зь іх адбылося ў лягеры ў Дыяваце на поўначы краіны на мяжы з Паўночнай Македоніяй: увесь сьвет абляцелі кадры, як паліцыя і спэцназ разганяюць натоўп мігрантаў пры дапамозе сьлёзацечнага газу.

Тры чалавекі, 28-гадовы палестынец, 28-гадовы грамадзянін Іраку і 32-гадовы сырыец, былі арыштаваныя ў Дыяваце за непадпарадкаваньне законнаму патрабаваньню паліцыі і былі прысуджаныя грэцкім судом да года турмы. Аднак неўзабаве ўсе трое былі вызваленыя, заявіўшы у судзе: «Нас падманулі».

Гэта заява была зробленая не выпадкова. Улады Грэцыі правялі ўласнае расьсьледаваньне, і яно пацьвердзіла вэрсію мігрантаў: беспарадкі ў лягерах бежанцаў і мігрантаў сапраўды паўсталі не выпадкова, а сталі вынікам жорсткай і цынічнай маніпуляцыі ў сацсетках.

У Грэцыі ў лягерах бежанцаў дагэтуль жывуць дзясяткі тысяч людзей, у асноўным з Сырыі, Ірака і Афганістана. Яны былі вымушаныя застацца ў Грэцыі пасьля таго, як балканскія краіны зачынілі свае межы ў 2016 годзе, перакрыўшы так званы «балканскі маршрут», якім уцекачы ішлі ў краіны паўночнай Эўропы. Вяртацца на радзіму яны ня хочуць, але патрапіць у іншыя краіны ЭЗ без сапраўдных дакумэнтаў і грошай яны таксама ня могуць.