У красавіцкім дакладзе World Economic Outlook Міжнародны валютны фонд прагназуе прырост валавога ўнутранага прадукту ў Беларусі ў 2019 годзе на 1,8%. Летась у кастрычніку МВФ чакаў прыросту ВУП на 3,1%.
У 2020-м, паводле МВФ, рост ВУП складзе 2,2%.
Інфляцыі МВФ чакае на ўзроўні 5% за год у 2019 і 2020 годзе (ранейшы прагноз — 5,5%).
Сёлетні беларускі бюджэт разьлічваўся зыходзячы з прыросту ВУП на 2,1%. Указам прэзыдэнта прырост ВУП плянаваўся на 4%.
Усясьветны банк не выключае рэцэсіі
Раней Усясьветны банк таксама пагоршыў прагноз разьвіцьця беларускай эканомікі на 2019–2021 гады.
Аналітыкі падкрэсьліваюць, што тэмпы эканамічнага росту ў Беларусі будуць залежаць ад умоў урэгуляваньня беларуска-расейскай нафтавай спрэчкі.
Пры горшым сцэнары (без кампэнсацыі стратаў, нанесеных расейскім падатковым манэўрам) беларуская эканоміка «можа скаціцца ў рэцэсію», гаворыцца ў справаздачы банку.