У адзін зь менскіх офісаў тэлеканалу «Белсат» прыйшлі міліцыянты, ад 8:50 яны робяць ператрус. Сьледчы камітэт растлумачыў: гэта сьледчыя дзеяньні па справе за «паклёп».
А 13-й гадзіне з офісу «Белсату» выйшлі супрацоўнікі міліцыі і Сьледчага камітэту. Разам зь імі зьявіўся і супрацоўнік тэлеканалу Мікола Дзябёла, які прысутнічаў пад час ператрусу.
«Ніякага абвінавачаньня супраць мяне няма, я быў як прысутны падчас ператрусу. Сьледчы забараніў разгалошваць, на падставе якога артыкулу вядуцца дзеяньні. Але ператрус паводле крымінальнай справы», — паведаміў Дзябёла.
Пасьля гэтага журналісты змаглі падняцца ў памяшканьне, дзе пабачылі поўны хаос – па ўсіх памяшканьнях раскіданыя скрыні і асабістыя рэчы.
Мікола Дзябёла адзначыў, што супрацоўнікі паводзілі сябе карэктна. Запэўнілі, што «справай БелТА» займаліся не яны.
Падчас ператрусу, паводле Дзябёлы, забралі два сыстэмныя блёкі, тры ноўтбукі, а таксама ўсе носьбіты інфармацыі.
Яму не патлумачылі, чаму ператрус праведзены менавіта ў гэты час – ён не выключае, што гэта зьвязана з палітычнымі кампаніямі, якія чакаюцца ў агляднай будучыні.
Дзябёла распавёў, што на пачатку 9-й у дамафон патэлефанавала жанчына, якая сказала, што хоча праверыць наяўнасьць гарачай вады. Яшчэ праз нейкі час пагрукалі і сказалі, што прыйшлі са Сьледчага камітэту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Менскі офіс «Белсату» пасьля ператрусу. ФАТАФАКТКалі ён адмовіўся іх пусьціць у кватэру, пачуўся гул пілы-«баўгаркі». Каб не псаваць маёмасьць гаспадара, Дзябёла ўрэшце адчыніў дзьверы. Адразу ж пачаўся ператрус.
Цяпер мэнэджэр мае пракансультавацца з юрыстамі, якую інфармацыю можна агалошваць, каб не нашкодзіць сабе і калегам.