9 красавіка ў Ізраілі пазачарговыя парлямэнцкія выбары. Пра тое, што вырашаць гэтыя выбары, Свабодзе распавёў ізраільскі палітычны аглядальнік Арык Элман.
— У чым галоўная інтрыга заўтрашніх выбараў? Хто супраць каго на іх? Пра што яны?
— Гэтыя выбары толькі пра адно — ці застанецца Біньямін Нэтаньягу прэмʼер-міністрам. Увесь парадак дня гэтых выбараў хутка зьвёўся да асабістага супрацьстаяньня Нэтаньягу і лідэрамі блёку «Кахоль-Лаван» (Белае і блакітнае) Бэні Ганцам, былым кіраўніком генштабу, і Яірам Лапідам, лідэрам партыі «Еш атыд» (Ёсьць будучыня). Апошнія абʼядналіся, каб перамагчы Нэтаньягу і ягоную партыю «Лікуд» (Кансалідацыя). Ці атрымаецца ў іх — гэта галоўнае пытаньне, якое задаюць сабе ізраільцяне.
— Чым партыя «Кахоль-Лаван» адрозьніваецца ад цяперашняй кіруючай «Лікуд»?
— Добрае пытаньне. Гэтыя партыі з пункту гледжаньня ідэалёгіі практычна нічым не адрозьніваюцца. Вельмі шмат таго, што ёсьць у праграме «Кахоль-Лаван», супадае з дзеяньнямі «Лікуд» у гэтай і ў папярэдняй кадэнцыях.
Але адрозьненьні ёсьць. Ганц і Лапід абавязуюцца не абмяжоўваць паўнамоцтваў Вярхоўнага суду і абараніць яго ад палітычнага перасьледу. Гэта абвінавачваньне, якое яны кідаюць Нэтаньягу і ягоным правым саюзьнікам. На думку Ганца і Лапіда, імкненьне «Лікуда» зьмяніць працэс прызначэньня чальцоў Вярхоўнага суду — гэта ўдар па дэмакратыі.
Яны мяркуюць, што Нэтаньягу такім чынам хоча пазьбегнуць крымінальнага перасьледу. Дзейны прэмʼер Нэтаньягу падазраецца ў карупцыі па трох крымінальных справах.
Ёсьць розьніца і ў падыходах да эканомікі. Блёк «Кахоль-Лаван» абяцае патраціць грошы, атрыманыя ад продажу ізраільскага прыроднага газу, на сацыяльныя і інфраструктурныя праекты.
У склад блёку ўваходзяць тры былыя кіраўнікі генштабу — сам Бэні Ганц, Габі Ашкеназі і Машэ Яалон. Яны абяцаюць, што будуць значна больш жорстка дзейнічаць як адносна «Хамасу» на поўдні, гэтак і адносна Ірану на поўначы. Яны абвінавачваюць Нэтаньягу ў нерашучасьці, у тым, што ён дапусьціў моцную прысутнасьць Ірану на паўночнай мяжы. У праграме блёку гаворыцца, што ён у выпадку перамогі запатрабуе ад Расеі дадатковых крокаў супраць дзеяньняў Ірану ў Сырыі.
— Ці магчымая кааліцыя галоўных апанэнтаў — «Лікуда» і «Кахоль-Лаван»?
— У Ізраілі ніколі адна партыя не атрымлівала абсалютнай большасьці, ніхто ніколі не атрымліваў 61 мандат у кнэсэце. Таму заўсёды ўзьнікалі кааліцыі. Тэарэтычна кааліцыя паміж «Лікудам» і «Кахоль-Лаван» магчымая. І гэта, калі глядзець па апошніх апытаньнях, дала б ёй больш за палову месцаў у парлямэнце. Але «Лікуду» будзе складана пакінуць сваіх саюзьнікаў — правыя рэлігійныя партыі. Нэтаньягу патрэбная кааліцыя, якая дазволіць яму заставацца на пасадзе прэмʼера да завяршэньня разьбіральніцтва крымінальных справаў, распачатых супраць яго. Лідэры «Кахоль-Лаван» наўрад ці захочуць чакаць. Яны запатрабуюць адстаўкі Нэтаньягу, а на гэта ня пойдзе «Лікуд».
— Калі пераможа кааліцыя «Кахоль-Лаван», рэальныя зьмены адбудуцца?
— Рэальныя зьмены ў гэтым выпадку безумоўна адбудуцца. Лідэру гэтага блёку давядзецца наладжваць новыя адносіны з прэзыдэнтамі ЗША Дональдам Трампам і Расеі Ўладзімірам Пуціным. Нэтаньягу за гады знаходжаньня ва ўладзе наладзіў працоўныя кантакты з Пуціным. Ён зразумелая фігура для Пуціна. А Ганц — гэта загадка.
Хаця Трамп і выказаўся, што і Ганц, і Нэтаньягу — добрыя кандыдаты, але ніхто ня сумняецца, каго Трамп хацеў бы бачыць на пасадзе цяперашняга прэмʼера Ізраіля. Атачэньне Ганца кажа, што Нэтаньягу занадта пайшоў насустрач Трампу, у бок рэспубліканцаў, што ён вінаваты ў канфлікце Ізраіля з дэмакратычнай партыяй ЗША і з амэрыканскім лібэральным габрэйствам. Калі гэтыя словы пацьвердзяцца справай, Ганц і ў Амэрыцы будзе паводзіць сябе інакш.
Калі верыць абяцаньням «Кахоль-Лаван», нас чакаюць больш жорсткія дзеяньні на поўдні і на поўначы.
Нэтаньягу падчас кіраваньня праводзіў даволі пасьлядоўную лібэральную палітыку. Ён перарабляў Ізраіль з сацыялістычнай на капіталістычную мадэль разьвіцьця. Адзін з найбліжэйшых партнэраў Ганца — былы старшыня ізраільскіх прафсаюзаў Аві Нісэнкорн, які лічыцца кандыдатам на пасаду міністра фінансаў. Калі ён зойме гэтую пасаду, курс ізраільскай эканамічнай палітыкі істотна зьменіцца.
Яшчэ адно пытаньне можа паўстаць — пра прызыў у войска ультраартадоксаў, вучняў ешываў. Гэта можа выклікаць канфлікт паміж ультраартадаксальнай грамадой і сьвецкай дзяржавай.
Так што зьмяніцца можа шмат.