Суд Першамайскага раёна аштрафаваў Вольгу Мікалайчык на 35 базавых велічыняў «за заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках».
Грамадзянскую актывістку Вольгу Мікалайчык затрымалі 5 красавіка каля 20-й гадзіны. Яна пасьля вечаровай малітвы засталася ў Курапатах, каб пасадзіць кветкі. Па дарозе дадому на выхадзе з падземнага пераходу яе закінулі ў мікрааўтобус, забралі тэлефон.
«Міліцыянты паводзілі сябе агрэсіўна, зьдзекаваліся, пагражалі пасадзіць на ланцуг. Павезьлі ў Цэнтар ізаляцыі правапарушэньняў на Акрэсьціна. Я адразу ж абвясьціла, што буду трымаць галадоўку. У камэры першую ноч не магла спаць, мяне спрабавалі разьмясьціць на верхняй шконцы. Потым ужо перавялі на ніжнюю шконку. Пратакол я не падпісала», — распавяла Свабодзе пасьля вызваленьня Вольга Мікалайчык.
У панядзелак, 8 красавіка, яе прывезьлі ў Першамайскі суд Менску. Справу разглядаў судзьдзя Юры Гарбатоўскі. Асудзілі яе за «заклік на несанкцыянаванае мерапрыемства ў сацыяльных сетках». Вольга настойвала, што гэта быў ня заклік на мерапрыемства, а інфармаваньне пра малебен за Курапаты.
Прысуд — 35 базавых велічыняў (892,5 рубля).
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Курапатах Паўла Севярынца асудзілі на 15 сутакПаводле Вольгі Мікалайчык, невядома, дзе ўтрымліваюць Арцёма Чарняка, якога апошні раз бачылі ў Аляхновічах — ён сядаў у маршрутку на Менск.
Па стане на 17:15 8 красавіка, Міколу Статкевіча з Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў не вывозілі — магчыма, у суд яго ў панядзелак не прывязуць.
На думку жонкі Статкевіча Марыны Адамовіч, Міколу могуць пратрымаць на Акрэсьціна трое сутак, то бок, да серады.
«Я дапускаю, што яго могуць асудзіць заўтра, пасьлязаўтра. А таксама могуць знайсьці неадбытыя суткі і пакінуць на Акрэсьціна нібыта адбываць ранейшае пакараньне», — выказала меркаваньне Марына Адамовіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крыжы, плот і малітвы. Сьцісла пра падзеі ў Курапатах