Настаяцель горадзенскага праваслаўнага Сьвята-Пакроўскага сабору айцец Георгі Рой выказаўся пра курапацкія крыжы на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ён мяркуе, што за знос крыжоў чыноўнікі павінны папрасіць прабачэньня.
Сьвятар заўважыў, што празь некалі дзён з моманту зносу крыжоў у Курапатах сьціхлі першыя эмоцыі, але засталіся пытаньні і «пачуцьцё глыбокага непаразуменьня». На ягоную думку, сытуацыю можна было б прыняць як перагіб канкрэтных выканаўцаў «праграмы добраўпарадкаваньня», калі б не далейшыя падзеі.
«На наступны дзень пасьля выдзіраньня крыжоў галоўная дзяржаўная газэта разьмяшчае публікацыю свайго карэспандэнта, які чорным па белым піша пра тое, што адзінае, пра што можна шкадаваць, — дрэва, якое пайшло на крыжы, а не на нешта карыснае. Як гэта разумець нам — хрысьціянам?» — пытаецца айцец Рой.
Ён абураецца, што з курапацкімі крыжамі ня толькі абышліся, як зь нікчэмным сьмецьцем, але на дадатак і дзяржаўная газэта піша пра крыж, галоўны сымбаль хрысьціянства, як пра нешта цалкам непатрэбнае і нявартае.
«Калі сам знос і можна было б кваліфікаваць як перагіб выканаўцаў, то тут, напэўна, усьвядомленая абраза крыжа як такога. І прэс-сакратар прэзыдэнта, і адзін зь вядомых сэнатараў (маецца на ўвазе былы чалец Савету Рэспублікі і цяперашні дэпутат Палаты прадстаўнікоў Ігар Марзалюк. — РС) кажуць толькі аб добраўпарадкаваньні, упарта не заўважаючы зусім недапушчальнага брутальнага і цынічнага стаўленьня да сьвятыні хрысьціянскай веры», — піша сьвятар.
Айцец Георгі Рой робіць выснову, што ніводзін з адказных чыноўнікаў так і не заўважыў у гэтым ніякай праблемы, «ня кажучы ўжо пра тое, што за такія грубыя дзеяньні па-чалавечы трэба было б папрасіць прабачэньня».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Духоўнік Лукашэнкі» выказаўся наконт зносу крыжоў у Курапатах ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ксёндз Барок пра Курапаты: Або вернем тых, хто там ляжыць, або і нас пахаваюць там ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Д’яблы вельмі баяцца знаку Сьвятога Крыжа», — прэсавы сакратар БПЦ Сяргей ЛепінШто адбылося ў Курапатах?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў і пачалі ўсталёўваць плот. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Паралельна са зносам крыжоў у Курапатах затрымалі 15 чалавек. Увечары частку іх выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Ці законна гэта? Суд па крыжах у Курапатах меў адбыцца пасьля 19 красавіка. Па стане на 21:00 4 красавіка не былі ні апублікаваныя, ні хоць бы названыя дакумэнты, якія тычацца ўпарадкаваньня Курапатаў. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Як адрэагавалі людзі? Увечары 4 красавіка памаліцца ў Курапаты прыйшлі больш за 200 чалавек. Яны прайшлі крыжовым шляхам да месца, дзе раніцай зносілі крыжы. 7 красавіка некалькі соцень чалавек маліліся за Курапаты ў цэнтры Менску.
Рэакцыю палітыкаў, грамадзкіх актывістаў і публічных асоб можна пачытаць тут.