Аляксандар Лукашэнка 7 красавіка накіраваў пісьмовае віншаваньне, а затым асабіста патэлефанаваў старшыні расейскага Савету Фэдэрацыі Валянціне Матвіенцы.
Днём раней ён узнагародзіў яе ордэнам Скарыны «за значны асабісты ўнёсак ва ўмацаваньне дружалюбных адносін і разьвіцьцё супрацоўніцтва паміж Рэспублікай Беларусь і Расейскай Фэдэрацыяй».
Як перадае прэс-служба Лукашэнкі, «нягледзячы на ўрачыстасьць падставы, нямала ўвагі ў размове было нададзена абмеркаваньню беларуска-расійскіх адносінаў». Што менавіта абмяркоўвалася, не ўдакладняецца ні беларускім, ні расейскім бокам.
Але Матвіенка, як сьцьвярджае беларускі бок, «заўсёды зьяўлялася і зьяўляецца надзейнай прыхільніцай беларуска-расейскіх адносінаў, што было яшчэ раз падкрэсьлена падчас сёньняшняй гутаркі». Сьцьвярджаецца, што Матвіенка «заўсёды зь вялікай цеплынёй адгукалася пра Беларусь і дапамагала ў разьвіцьці сяброўскіх сувязяў і рэалізацыі канкрэтных праектаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі амбасадар Бабіч завочна паспрачаўся з Лукашэнкам. Кароткі пераказ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь просіць Расею падоўжыць крэдыт на БелАЭС на 10 гадоў