У менскім выдавецтве «Кнігазбор» выйшла кніга Зьмітра Саўкі «Беларуская цывілізацыя ў Амэрыцы». Пасьля сьмерці аўтара.
Кніга выдадзеная Задзіночаньнем беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і ўваходзіць у сэрыю «Бібліятэка бацькаўшчыны».
У выданьні больш за 600 старонак, яна распавядае пра паўвека Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня ў 1949–1999 гадах. Кніга ўзнаўляе падзеі таго часу, прадстаўляе важныя дакумэнты, зьмяшчае ўспаміны слынных беларускіх дзеячаў амэрыканскага замежжа, характарызуе пэрсаналіі заакіянскае дыяспары.
Пад адной вокладкаю зьмешчаныя фактычна дзьве кнігі: адна — гэта гісторыя Беларуска-Амэрыканскага Задзіночаньня, другая — успаміны, гутаркі, запісаныя Зьмітром Саўкам падчас сустрэчаў з паваеннымі эмігрантамі. Яны датычаць ня толькі БАЗА: гэта й даваеннае жыцьцё, і падзеі вайны.
«Гэтая кніга выходзіць у час, калі Беларусь зноў пакідаюць тысячы людзей — хто дзеля лепшага кавалка, хто з прычынаў палітычных, а антысавецкая эміграцыя зноў выклікае ў менскіх уладаў нэрвовую рэакцыю.
Менавіта таму, што ў сёньняшняй Беларусі ўсё радзей можна пачуць спагаднае й праўдзівае слова пра беларускую эміграцыю, гэтая кніга ўяўляецца тым больш актуальнаю», — напісаў ва ўступе да кнігі аўтар.
І далей зазначыў:
«Як колісь саветы, цяперашняе кіраўніцтва Рэспублікі Беларусь прыкладае нямала намаганьняў, каб раскалоць дыяспару (якая й бяз гэтага не была й не магла быць адзінаю), садзячы кіраўніцтва палітычна індыфэрэнтных суполак на іголку бюджэтнага фінансаваньня й такім чынам ператвараючы гэтыя групы ў сваіх зацятых абаронцаў.
У ЗША няма пралукашэнкаўскіх арганізацыяў, да таго ж Злучаныя Штаты застаюцца галоўнаю мішэньню антызаходняй рыторыкі афіцыйнага Менску. Таму і гісторыя, і цяперашняя дзейнасьць БАЗА, як і астатніх „непаслухмяных“ беларускіх арганізацыяў, або ўспрымаецца як варожая, або — у найлепшым выпадку — ігнаруецца».
Пра масавую беларускую эміграцыю ў ЗША як пра беларускую, а не як пра эміграцыю зь Беларусі можна казаць толькі ў зьвязку з прыбыцьцём у Вольны Сьвет палітычных уцекачоў па Другой сусьветнай вайне.
Пачаўшы зь нічога, яны ня толькі здолелі заняць належнае месца ў амэрыканскім грамадзтве, — адарваныя ад Радзімы, зь вельмі прывіднымі надзеямі на вяртаньне, пазбаўленыя крыніцаў праўдзівай інфармацыі пра жыцьцё на Бацькаўшчыне, яны стварылі сапраўдную беларускую цывілізацыю па-за Беларусьсю.
На працягу паўстагодзьдзя дзеялі палітычныя, грамадзкія, культурніцкія інстытуцыі, паўставалі беларускія цэрквы, выходзілі пэрыёдыкі, ставіліся спэктаклі, праводзіліся выставы, ладзіліся самыя розныя імпрэзы, зьбіраліся подпісы, адбываліся дэманстрацыі, а ў беларускіх школах гадаваліся беларускія дзеці.
Задума стварэньня кнігі пра іх эмігранцкае жыцьцё сьпела ў амэрыканскіх беларусаў даўно, але яе ажыцьцяўленьне сталася магчымым пасьля прапановы Зьмітру Саўку ў студзені 1998 году старшыні БАЗА Антона Шукелойця і дырэктара БІНіМу Вітаўта Кіпеля ўзяцца за гэтую маштабную справу. І спадар Саўка стварыў грунтоўны летапіс жыцьця амэрыканскіх беларусаў.
Што такое БАЗА?
Беларуска-Амэрыканскае Задзіночаньне — найбуйнейшая арганізацыя беларускай эміграцыі, якая вызнае палітычную дактрыну беларускага незалежніцтва. БАЗА — ці не найяскравейшая праява самаарганізацыі людзей, якім рупіла адно — захаваць Беларусь. Захаваць, перахаваць — калі ня ў іхняй волі захаваць Яе на палітычнай мапе, то хоць бы ў сабе.
Да сярэдзіны 1980-х, калі на Захад пачалі прасочвацца зьвесткі пра ўзьнікненьне «новага беларускага нацыяналізму», яны чуліся апошнімі зь беларусаў — тымі, каму Бог наканаваў збудаваць беларускую цывілізацыю ў Вольным Сьвеце, замест страчанай Атлянтыды між Дняпром і Нёманам, — каб у будучыні, калі «загляне сонца й у наша ваконца», вярнуць перахаваны й памножаны скарб нованабытай Бацькаўшчыне.
Зьміцер Саўка аддаў стварэньню кнігі пра БАЗА амаль 2 дзесяцігодзьдзі рупнай працы, але не дачакаўся яе выхаду. Ён памёр 9 красавіка 2016 году пасьля цяжкай хваробы, пражыўшы ўсяго 50 гадоў. Давялі ягоную кнігу да чытача дасьледчыкі Натальля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, які назваў Зьмітра Саўку сапраўдным Universal man беларускага адраджэньня.