Рада бясьпекі ААН на экстраным пасяджэньні ў ноч на 6 красавіка заклікала камандуючага так званай «Лібійскай нацыянальнай арміі» Халіфу Хафтара спыніць наступ на Трыпалі, дзе знаходзіцца лібійскі ўрад, прызнаны ААН.
Паседжаньне праходзіла за зачыненымі дзьвярыма. Прадстаўнік Германіі, якая старшынюе ў Радзе заявіў, што ўсе ўдзельнікі пасяджэньня пагадзіліся з тым, што гвалт у Лібіі неабходна спыніць, а тыя, хто працягне зьвяртацца да яго — панесьці адказнасьць.
Раней міністры замежных спраў краін «Вялікай сямёркі» на сустрэчы ў Францыі заклікалі спыніць баявыя дзеяньні ў Лібіі.
Кіраўнік МЗС Расеі Сяргей Лаўроў у інтэрвію эгіпэцкай прэсе заявіў, што Расея падтрымлівае «сумленныя і свабодныя ўсеагульныя выбары» у Лібіі, а не ваенны шлях вырашэньня праблем.
Халіфа Хафтар у апошнія гады неаднаразова наведваў Маскву і праводзіў перамовы з міністрам абароны Расеі Сяргеем Шайгу, апошні візыт адбыўся ў лістападзе 2018 года.
На яго сустрэчы з кіраўніком Міністэрства абароны Расеі прысутнічаў бізнэсовец Яўген Прыгожын, якога шэраг расейскіх СМІ зьвязваюць з так званай «ПВК Вагнэра». Сьцьвярджалася, што на ўсходзе Лібіі прысутнічаюць байцы гэтай ПВК.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Меркаваны ўладальнік «ПВК Вагнэра» трапіў на відэа перамоваў вайскоўцаў Расеі і ЛібііХафтар загадаў сваім войскам наступаць на Трыпалі 4 красавіка. Паведамлялася, што яны захапілі міжнародны аэрапорт лібійскай сталіцы, які не выкарыстоўваецца цяпер, аднак былі спыненыя праўладнымі сіламі.
Пасьля зьвяржэньня ў 2011 годзе рэжыму Муамара Кадафі ў Лібіі пачалася вайна паміж разнастайнымі сіламі паўстанцаў, якія раней выступалі адзіным фронтам.
Войскі Хафтара кантралююць усходнюю частку Лібіі. У апошнія некалькі месяцаў яны змаглі прасунуцца на захад, да мяжы з Альжырам.
Яны ўзялі пад кантроль шэраг нафтавых радовішчаў. Хафтар карыстаецца сакрэтнай падтрымкай з боку Эгіпта, ААЭ і Расеі.