Затрыманаму 20 сакавіка Зьмітру Паліенку выставілі абвінавачаньне на падставе трох крымінальных артыкулаў, піша БелаПАН са спасылкай на афіцыйную прадстаўніцу СК Юлію Ганчарову.
Што за артыкулы?
- Асабліва злоснае хуліганства (ч. 3 арт. 339) — да 10 гадоў турмы;
- Распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці (арт. 130) — да 12 гадоў турмы;
- Апаганьваньне збудаваньняў і псаваньне маёмасьці (арт. 341) — грамадзкія працы, штраф ці арышт.
Паводле слоў прадстаўніка СК, меру стрыманьня Паліенку не зьмянялі — ён застаецца пад вартай у Жодзінскім СІЗА, яму прызначылі стацыянарную судова-псыхоляга-псыхіятрычную экспэртызу.
Зьмітра Паліенку затрымалі 20 сакавіка ў ягонай кватэры па падазрэньні ў злосным хуліганстве.
У 2016 годзе Паліенку асудзілі за «гвалт або пагрозу ўжываньня гвалту ў дачыненьні да супрацоўніка органаў унутраных спраў» і «выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару».
Міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International прызнала яго вязьнем сумленьня. Віны ён не прызнаў. Беларускія праваабаронцы патрабавалі вызваліць актывіста. Прысуд яму называлі палітычна матываваным.