11 красавіка ў Наваградзкім раённым судзе пачнецца разгляд справы Дзьмітрыя Бондара. Яму інкрымінуюць 1-ю частку 157-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (заведамае стварэньне для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ).
Працэс будзе праходзіць за зачыненымі дзьвярыма. Пра гэта Свабодзе паведаміла маці Дзьмітрыя Валянціна.У Наваградзкім раённым судзе, а таксама ў прэс-службе Вярхоўнага суду карэспандэнту Свабоды інфармацыю аб працэсе атрымаць не ўдалося.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За што затрымалі эпатажнага «сьвятара» ў Наваградку? І пры чым тут закрытая фэнтэзі-сядзіба?Паводле Валянціны Бондар, Дзьмітрыю інкрымінуюць 1-ю частку 157-га артыкулу Крымінальнага кодэксу (заведамае стварэньне для іншай асобы небясьпекі заражэньня вірусам імунадэфіцыту чалавека (ВІЧ). Санкцыі артыкулу — ад штрафу да зьняволеньня на тры гады.
«Не пацьвердзіліся падазрэньні ў наркотыках і распаўсюдзе парнаграфіі. Паколькі Дзьмітры знаходзіцца на ўліку ВІЧ-інфікаваных, яму выставілі першую частку артыкулу. То бок гэта не заражэньне, а стварэньне небясьпекі заражэньня. Значыць, альбо не засьцерагаўся, альбо не папярэджваў партнэраў. У нашай сытуацыі засьцерагаўся, але нібыта не папярэджваў».
Дзьмітрыя Бондара трымаюць пад вартай
Сёмы месяц Дзьмітрыя Бондара трымаюць пад вартай у сьледчым ізалятары ў Горадні.
«Беларусь ніколі не пераможа ВІЧ, калі ў краіне так будуць зьдзекавацца з хворых, якія нікому не зрабілі ніякай шкоды. Судзіць трэба тых, хто не лячыўся і заражаў людзей. Мой сын заняў сумленную грамадзянскую пазыцыю, ён стаў на ўлік, прымаў лекі, засьцерагаўся і, вядома ж, нікога не заразіў», — сказала Валяніцна Бондар.
Дзьмітрыя Бондара затрымалі ўвосень 2018 году ў фэнтэзі-сядзібе ягонага сябра Сяргея Коваля ў Літоўцы, што каля Наваградку. Сяргей Коваль закрыў сваю сядзібу для наведнікаў, бо мясцовыя жыхары скардзіліся на «сатанізм». 1 студзеня Сяргей Коваль скончыў жыцьцё самагубствам.
«Мы хацелі, каб справа была адкрытай»
Валянціна Бондар сказала, што разам з адвакатам прасіла, каб пасяджэньне суду было адкрытым.
«Справа мае грамадзкі рэзананс, столькі ўсяго было напісана ў інтэрнэце. Таму мы хацелі, каб справа была адкрытай, каб прыйшлі блізкія і сябры. Але судзьдзя сказаў, што справа будзе разглядацца ў закрытым рэжыме. Таму нават я не змагу прысутнічаць на працэсе ад пачатку да канца, усяго толькі выступлю ў якасьці сьведкі», — сказала Валяніцна Бондар.
На пачатку сакавіка Валянціне далі толькі адно паўгадзіннае спатканьне з сынам «перад тым, як накіраваць справу ў пракуратуру».
«Мой Дзьмітры вельмі пазытыўны чалавек і больш мяне супакойваў. Ён сказаў толькі, што даўно вядома, колькі яму трэба даць, і ня важна, паводле якога артыкулу».
Пра Дзьмітрыя Бондара і ягоную маці напісаў бацюшка
Нядаўна пра Дзьмітрыя Бондара згадаў у сваім артыкуле ў «Наваградзкіх эпархіяльных навінах» праваслаўны пратаярэй з Наваградку Анатоль Герасімук. Пісаў ён аб праверках зь Міністэрства адукацыі ў мясцовых школах, зьвязаных са «штучна паднятай хваляй супраць урокаў маральнасьці». Дырэктарам школаў было ўказана на тое, што на занятках «зашмат праваслаўя».
Ён піша, што ўсё пачалося з трагічных падзей на хутары Літоўка, «фантасмагарычнай сядзібы пад Наваградкам з чаканнымі монстрамі, нібыта перанесенымі зь фільмаў жахаў». Маўляў, «панібрацкія адносіны зь цёмнымі сіламі да дабра не прыводзяць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мастачка фэнтэзі-сядзібы расказала пра апошнія дні яе стваральнікаТут жа ў Літоўцы, паводле сьвятара, знаходзілася «рэзыдэнцыя» эксцэнтрычнага сябра гаспадара Дзьмітрыя Бондара, які прадстаўляўся ксяндзом старакаталіцкай царквы і аб’явіў сябе «біскупам сьвету».
Паводле пратаярэя Анатоля Герасімука, Дзьмітры Бондар «прапаведаваў поўную свабоду ад усіх маральных устояў і нормаў, быў прыхільнікам нетрадыцыйных стасункаў і выхваляўся высокімі заступнікамі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Ня ведаю, ці прачнуся заўтра». Што вядома пра сьмерць стваральніка фэнтэзі-сядзібы пад НаваградкамПаводле сьвятара, маці Валянціна Бондар замест таго, каб «пачаць маліцца за сына», абвінаваціла ва ўсім Праваслаўную царкву «і вырашыла помсьціць».
Паводле Валянціны Бондар, газэту з гэтым артыкулам, які выйшаў да суду, актыўна раздавалі прыхаджанам, а потым сьвятар прынёс стос газэт у Наваградзкі райвыканкам.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Інфармацыя абмежаванага доступу». Чаму пакінулі пад вартай «сьвятара» з Наваградку?У размове з карэспандэнтам Свабоды яна назвала гэты артыкул паклёпніцкім.
«Лічу, што гэты чалавек ня варты сьвятарскага званьня», — сказала Валянціна Бондар.