Міністар замежных справаў Польшчы Яцэк Чапутовіч, які знаходзіцца ў Вашынгтоне на сустрэчы міністраў замежных справаў NATO, заявіў Польскаму радыё, што высьвятляюцца дэталі зносу крыжоў, у тым ліку тое, хто гэта зрабіў.
Міністар дадаў, што калі інфармацыя пацьвердзіцца, то «гэта быў бы дрэнны сыгнал», бо «дзяржавы павінны памятаць пра сьмерць і ахвяры, у гэтым выпадку ахвяры сталінскага рэжыму».
Міністар папярэдзіў, што польскія дыпляматычныя службы будуць адсочваць сытуацыю.
Курапаты ўжо наведаў Марцін Вайцяхоўскі, намесьнік амбасадара Польшчы ў Менску, які ацаніў стан крыжоў і іншых памятных знакаў у цэнтральнай частцы мэмарыялу, у тым ліку ў памяць палякаў, забітых ва ўрочышчы. Дыплямат паведаміў, што польскія крыжы непашкоджаныя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў, 15 абаронцаў затрымалі. Фота, відэа, камэнтары4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Курапаты
Курапаты — урочышча пад Менскам, дзе ў 1937–1941 гадах карнікі НКВД расстралялі, паводле розных падлікаў, ад 40 да 200 тысяч чалавек.
У красавіку — траўні 1988 году ў лясным масіве Курапаты былі знойдзены астанкі людзей, гэтыя факты хутка сталі шырока вядомыя, дзякуючы дзейнасьці Зянона Пазьняка і грамадзкай арганізацыі «Мартыралёг Беларусі».
У чэрвені 1988 году створана ўрадавая камісія, і пракуратурай БССР узбуджана крымінальная справа па выяўленых фактах.
У працэсе расьследаваньня, як пацьверджана ў інфармацыйным паведамленьні Генэральнай пракуратуры Рэспублікі Беларусь у чэрвені 1996 году, устаноўлена, што тут з 1937 па 1941 супрацоўнікі НКУС БССР расстрэльвалі рэпрэсаваных жыхароў рэспублікі.
Пры аглядзе ляснога масіву выяўлена, што на тэрыторыі каля 30 га разьмешчана 510 пахаваньняў, з якіх у часе эксгумацыі праверана 8 і ў 6 з іх знойдзены шкілетныя астанкі людзей, адзеньне і іншыя асабістыя рэчы загінуўшых.
Ва ўшанаваньне памяці ахвяр пастаўлены крыжы, іншыя мэмарыяльныя знакі, шчыты з надпісамі.
У Курапатах неаднойчы чыніліся факты вандалізму.