Аказваецца, у 1959 годзе ў Рэчыцы вуліцу Міцкевіча называлі ў гонар чэкіста, а не паэта, і цяпер выправілі гэтую «памылку».
У Рэчыцкім раённым Савеце дэпутатаў патлумачылі, што была выпраўлена тэхнічная памылка, зробленая ў 1959 годзе. Тады вуліцы называлі проста прозьвішчамі людзей, без імя. І, называючы вуліцу імем Міцкевіча, мелі на ўвазе не славутага паэта Адама, а бальшавіцкага рэвалюцыянэра і чэкіста Яўгена.
Да 1959 года вуліца гэта называлася Руднянскай, у 1959-м яе перайменавалі ў вуліцу Міцкевіча. Пазьней, калі на шыльдах сталі пісаць імёны, ніхто не задумаўся, сталі пісаць «вуліца Адама Міцкевіча», расказала Свабодзе галоўная спэцыялістка Рэчыцкага раённага Савету дэпутатаў.
«Зусім нядаўна Рэчыцкая рада старэйшын зьвярнула ўвагу дэпутатаў, што вуліца тады называлася ня ў гонар знакамітага пісьменьніка Адама Міцкевіча, а ў гонар заснавальніка Савецкай улады ў Рэчыцы Яўгена Пятровіча Міцкевіча.
Зрабілі запыт у архіў, знайшлі пратакол паседжаньня выканкаму 1959 году. Там разглядалася пытаньне аб ўвекавечваньні памяці Яўгена Міцкевіча. Было прынятае рашэньне перайменаваць вуліцу Руднянскую ў вуліцу Міцкевіча. І тлумачэньне, што вуліца названая ў гонар першага старшыні Рэчыцкага гарадзкога савету, што ў 1917 годзе Яўген Міцкевіч узначальваў Рэчыцкі павятовы рэвалюцыйны камітэт, быў камісарам юстыцыі ў Рэчыцы.
Так што была выпраўлена тэхнічная памылка», — патлумачыла галоўная спэцыялістка Рэчыцкага раённага Савета дэпутатаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Рэчыцы перайменавалі вуліцу: была ў гонар паэта Міцкевіча, стала ў гонар чэкіста Міцкевіча