Апостальскі візітатар для грэка-католікаў Беларусі Архімандрыт Сяргей (Гаек) блаславіў вернікаў, якія праз строгі пост 5 красавіка і малітвы ў бліжэйшыя дні «бачаць абавязак перапрасіць Бога за гэты блюзьнерчы акт зносу крыжоў у Курапатах».
Такую заяву апублікавала прэс-служба апостальскага візітатара.
У заяве асуджаецца знос крыжоў у Курапатах і падкрэсьліваецца, што «Курапаты гэта месца памяці пацярпелых людзей усіх нацыянальнасьцяў і рэлігій, месца болю для многіх беларускіх грамадзянаў, продкі якіх пацярпелі ад жахлівых і несправядлівых сталінскіх рэпрэсій».
Таксама грэка-каталікі выказалі салідарнасьць з заявай арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, які заклікаў адказных за знос крыжоў «тэрмінова спыніць гэтыя дзеяньні і шляхам дыялёгу розных палітычных і грамадзкіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнаньняў распачаць працэс урэгуляваньня сытуацыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арцыбіскуп Кандрусевіч: Той, хто імкнецца зьнішчыць хрысьціянства, зьнішчае крыжы4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі. Увечары частку актывістаў выпусьцілі з адміністрацыйнымі пратаколамі і будуць судзіць.
Каля 12-й гадзіны дня пачалі ставіць мэталічную агароджу мэмарыялу, гэтым займаюцца будаўнікі з Заслаўя. Хто прыняў рашэньне пра дэмантаж 70 крыжоў, куды іх вывезьлі і што зь імі будзе далей, невядома. У Міністэрстве лясной гаспадаркі сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна.
Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла працы ў Курапатах распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.