Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Валер Варанецкі выказаўся пра знос крыжоў у Курапатах.
Што адбылося?
У Курапатах зранку 4 красавіка зьнесьлі 70 крыжоў. Улады сьцьвярджаюць, што крыжы паставілі незаконна. Прэс-сакратарка кіраўніка Беларусі Натальля Эйсмант патлумачыла гэта распараджэньнем Аляксандра Лукашэнкі.
Падчас прэс-канфэрэнцыі 1 сакавіка Аляксандар Лукашэнка заявіў: «Прывядзём у парадак Курапаты, каб дэманстрацыі з крыжамі па пэрымэтры не было».
Што сказаў Варанецкі?
Валер Варанецкі напісаў у фэйсбуку, што ягонай першай рэакцыяй на знос крыжоў было «замяшаньне, боль і трывога».
«Калі мы навучымся, як у народзе кажуць, паступаць па-людзку? Па-хрысьціянску? Не абражаючы пачуцьцяў і годнасьці адзін аднаго? Чаму за ўсе гэтыя гады мы не знайшлі час для шырокага грамадзкага абмеркаваньня таго, якім бы мы хацелі бачыць гэтае сакральнае для нас, хто жыве, месца агульнай памяці, болю і пакаяньня? А зараз сьпяшаемся... Навошта? І што ў выніку атрымаем?»
У камэнтарах да паста Валер Варанецкі напісаў:
«Мы — адзіны народ. Нам і нашым нашчадкам — жыць разам у нашым агульным доме, нашай Беларусі. Таму трэба і размаўляць, і слухаць, і знаходзіць узаемапаразуменьне. Тады краіна наша будзе мацнейшай».
Пазыцыю Валера Варанецкага падтрымаў амбасадар Беларусі ў Эквадоры Ігар Палуян:
«Не ў брыво, а ў вока».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў, 15 абаронцаў затрымалі. Фота, відэа, камэнтары«Мяне гэта ўзрушыла»
На пытаньне карэспандэнта Свабоды, чаму ён напісаў такі пост, Валер Варанецкі адказаў:
«Напісаў, таму што ня мог не напісаць. Таму што мяне гэта ўзрушыла. Таму што мы, грамадзяне Беларусі, павінны паважаць традыцыі нашых продкаў і жыць у згодзе, узаемапавазе і ўзаемаразуменьні! Як жылі яны. І як мусяць жыць нашы нашчадкі. Таму што мы павінны быць кансалідаванымі і моцнымі!»
4 красавіка ў Курапатах дэмантавалі і вывезьлі 70 крыжоў (паводле інфармацыі Зьмітра Дашкевіча). 15 абаронцаў Курапат затрымала міліцыя, а сам мэмарыял ачапілі.