Пра сытуацыю ў Курапатах у інтэрвію Свабодзе выказаўся Ігар Чарняўскі, былы начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры, а цяпер сябра праўленьня фонду «Культурная спадчына і сучаснасьць».
«Яшчэ ў канцы 1990-х шла гаворка пра тое, што неабходна распрацаваць уцямную канцэпцыю па Курапатах. З усяго была агучана толькі прапанова праекту зонаў аховы — дый тое ён ня быў прыняты, бо супярэчыў Генэральнаму пляну. Па сутнасьці, ніякай канцэпцыі, якая б хоць нейкім чынам акрэсьлівалася, нават пратаколам пасяджэньня навукова-мэтадычнай рады, няма да сёньня. Любая ідэя набывае моц, калі яна пакладзеная на паперу і прынятая ўпаўнаважаным органам».
І ўсё ж ці была магчымасьць легімітызаваць аб’екты народнага мэмарыялу, каб улады не маглі ўзьняць на іх руку?
«Безумоўна, была такая магчымасьць, — лічыць ён. — Нават ня трэба, каб 100 чалавек на гэта працавалі, дастаткова групы з 5-7 прафэсіяналаў — архітэктар, мастак, дызайнэр, спэцыяліст у тэрытарыяльным плянаваньні, горадабудаўнік. Яны мусілі аформіць канцэпцыю — як тэкстава з апісаньнем тэрыторыі, так і графічна. Здаецца, яшчэ гады два таму дзьве такія канцэпцыі на ўзроўні абмеркаваньня яшчэ агучваліся. Але далей, зноў жа, нічога не пайшло».
Паводле Ігара Чарняўскага, пошуку пунктаў узаемадзеяньня не спрыяе адсутнасьць паразуменьня ў беларускім грамадзтве — як у стасунках з уладамі, так і ўнутры супольнасьці.
«На вялікі жаль, у грамадзтве няма дыялёгу. Прычым ня толькі паміж грамадзянскай супольнасьцю і ўладнымі структурамі, але і ўнутры самога грамадзтва. Пэўна, гэта такая наша беларуская спэцыфіка. І доля такая. Праз гэта ўвесь час мы цярпім і будзем цярпець, пакуль ня знойдзем шляхі да паразуменьня», — падсумаваў экс-начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.