Ад раніцы 4 красавіка ў Курапатах працуе тэхніка — прыбіраюць крыжы, пастаўленыя ва ўрочышчы грамадзкімі актывістамі і нашчадкамі ахвяраў сталінізму.
На просьбу Свабоды патлумачыць прычыны, чаму ўзьнікла такая неабходнасьць, у дзяржаўных ведамствах збольшага адмоўчваюцца.
Дырэктар Бараўлянскага спэцыяльнага лясгасу Аляксандар Мірановіч адмовіўся камэнтаваць Свабодзе, хто даў загад на такія дзеяньні, і параіў зьвярнуцца ў прэс-службу Міністэрства лясной гаспадаркі.
У сваю чаргу прадстаўніца гэтага ведамства Настасься Дакучаева спаслалася на тое, што тэма «спэцыфічная», і сказала, што неабходна накіраваць адмысловы запыт на імя кіраўніцтва міністэрства.
Намесьніца начальніка ўпраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Натальля Хвір сказала, што яна не абазнаная, што адбываецца ў Курапатах. Па яе словах, у кожнай гісторыка-культурнай каштоўнасьці ёсьць уласьнік, які адказвае за аб’ект — у гэтым выпадку менскія аблвыканкам і райвыканкам. І зазначыла: калі на тэрыторыі Курапатаў ставіліся крыжы, ніхто ў ні ў кога не пытаўся, ці можна гэта рабіць.
Супрацоўніца аддзелу ідэалёгіі, культуры, спорту і працы з моладзьзю Менскага райвыканкаму паведаміла, што ўсё кіраўніцтва знаходзіцца на тэрміновай нарадзе, а пасьля, хутчэй за ўсё, паедзе ў Курапаты.
Прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі Натальля Эйсмант для камэнтароў пакуль недаступная.