Польскі сьвятар папрасіў прабачэньня за публічна спаленыя кнігі

Польскі ксёндз Рафал Ярашэвіч на старонцы свайго фонду «СМС зь нябёсаў» перапрасіў за акцыю, падчас якой былі спаленыя кнігі, будысцкія фігуркі і афрыканская маска. Паводле яго, акцыя не была скіраваная супраць якой-небудзь сацыяльнай групы або рэлігіі, а таксама супраць кніг або культуры.

У нядзелю на поўначы Польшчы ў горадзе Кашалін група каталіцкіх сьвятароў зладзіла публічнае спаленьне кніг, якія, як яны сьцьвярджалі, зьяўляюцца блюзьнерскімі — у ліку таго раманы Джоан Роўлінг пра хлопчыка-чараўніка Гары Потэра.

Фатаграфіі спаленьня кніг у прысутнасьці дзяцей былі апублікаваныя ў фэйсбуку фонду «СМС зь нябёсаў», але цяпер выдаленыя. У посьце, прысьвечаным спаленьню, гаворылася пра тое, што Біблія асуджае вядзьмарства, і былі прыведзены адпаведныя цытаты са Сьвятога Пісаньня.

Ня ўсе камэнтатары, аднак, выказалі згоду з дзеяньнямі сьвятароў, якім нагадалі як пра тое, што ў імя Гары Потэра ніхто не рабіў злачынстваў, гэтак і пра спаленьне кніг нацыстамі ў Нямеччыне ў 1930-я гады.

Фонд «СМС зь нябёсаў» займаецца папулярызацыяй Бібліі і іншых хрысьціянскіх кніг, у прыватнасьці, праз рассылку СМС з цытатамі зь іх.