У Мэмарыяльным музэі Петруся Броўкі прайшла паэтычная вечарына памяці заснавальніка агенцтва навін БелаПАН, паэта Алеся Ліпая. 9 красавіка ў яго дзень народзінаў — Алесю споўнілася б 53 гады.
Алесь Ліпай пайшоў з жыцьця 23 жніўня 2018 году.
На сустрэчу сабраліся калегі зь БелаПАНу, журналісты іншых выданьняў, праваабаронцы, літаратары, супрацоўнікі музэяў, сябры.
Два гады таму ў мэмарыяльным музэі Петруся Броўкі прайшла першая сустрэча так званых «петракоў» з удзелам Алеся Ліпая.
«Чаму «петракі»? У 2014 годзе хацелася нейкага «дзьвіжу». Паэты зьмяшчалі свае вершы ў фэйсбуку, пісалі камэнты адзін аднаму, а потым вырашылі зьбірацца разам, гаварыць пра паэзію, чытаць вершы — менавіта ў мэмарыяльным музэі Петруся Броўкі. Алесю не падабаўся гэты назоў — «петракі», ён прапаноўваў «вершнікі», — узгадала паэтка Сабіна Брыло.
І прачытала фрагмэнт з апавяданьня Данііла Хармса «Петракоў».
Удзельнікі вечарыны чыталі вершы Алеся Ліпая зь ягонай кнігі «Абдымкі», прычым не дамаўляючыся загадзя, каму які верш выбраць. Таму некаторыя творы гучалі двойчы. Вершы самыя разнастайныя — грамадзянскія, лірычныя. Вось адзін зь іх:
Цяпер ты можаш піць нагбом уладу
і марнатравіць людзкія надзеі,
але надыдзе час — і возьме плату
зь цябе народ за ўсе ліхія дзеі.
Надыдзе час — і люд захоча праўды.
І нават не яе, а толькі ведаў,
што зло не абмінула пакараньне,
і першым той, хто сам з дубінкай бегаў,
якраз цябе абвінавачваць стане.
Надыдзе час — і люд захоча праўды.
І нават не самой яе, а помсты
за тыя беды і за тую беднасьць,
куды завёў ты грамадзянаў простых.
А з помстай да людзей прыходзіць еднасьць.
І мо на гэтай, зыбістай хоць, глебе
паўстане нацыя — і нацыя паўстане
на поўны рост, зусім ня дзеля хлеба,
а прага волі кіравацьме тым паўстаньнем.
І гледзячы,
як гмах тваёй улады
пераўтвараецца ў магільны камень,
адкрыеш ты, што жорсткі бог расплаты
жыве ў табою згвалтаваным храме.
Чыталі ўдзельнікі вечарыны і свае вершы, якія падабаліся Алесю.
Журналіст Міхась Янчук прачытаў свой верш, прысьвечаны Алесю Ліпаю і напісаны адмыслова да гэтай сустрэчы. Апошнія радкі —
«Ён выйшаў усяго на хвілінку
ў вечнасьць, якую чакаў...»
Калега і сябар Алеся Андрэй Аляксандраў прачытаў вершы Алеся Ліпая, якія яшчэ не былі апублікаваныя — сваякі знайшлі іх у паперах.
Шмат было карацелек, лірычных, трапных, жартаўлівых.
«Я п’ю за здароўе паэтаў,
бо сваё яны ўжо прапілі».
«Загляне стронцый
і ў наша аконца».
«Да Вострай брамы
праз апусьцелы ворат
мокры сьнег ідзе».
«Шпацыруе вясна-красуня
па маёй красавіцкай краіне.
Ёй так пасуе міні!»
Пранікнёныя радкі чыталі старшыня БАЖ Андрэй Бастунец, публіцыст, літаратары Ўладзімер Арлоў, Сяргей Ваганаў, паэткі Сабіна Брыло, Марыя Вайтовіч, Ліна Казакова, журналісты Міхась Янчук, Андрэй Аляксандраў ды іншыя.