Суд Фрунзэнскага раёну Менску 3 красавіка прысудзіў былому начальніку вайскова-мэдыцынскага ўпраўленьня Мінабароны 44-гадоваму палкоўніку Аляксею Яськову 9 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй усёй маёмасьці і пазбаўленьнем воінскага званьня, паведамляе БелаПАН.
Яму таксама прызначылі штраф у 12 тысяч 750 беларускіх рублёў (500 базавых велічынь).
Прысуд зачытала судзьдзя Юлія Блізьнюк.
Справа Яськова разглядалася ў судзе Фрунзенскага раёну з 6 сакавіка. Яськова прызналі вінаватым паводле ч. 3 арт. 430 (атрыманьне хабару ў асабліва буйным памеры) і ч. 1 арт. 455 (злоўжываньне ўладай, перавышэньне ўлады) Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Пракурор Юры Шарсьнёў прасіў суд пакараць Яськова 9 гадамі пазбаўленьня волі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Справа мэдыкаў». Пракурор запатрабаваў для экс-кіраўніка мэдычнай службы Мінабароны 9 гадоў калёнііНа думку пракурора, абвінавачаны сапраўды атрымліваў хабар за лабіяваньне інтарэсаў фірмы «Геол-М», якая зьяўляецца дыстрыбутарам шэрагу вядучых замежных фірмаў-вытворцаў мэдыцынскага абсталяваньня і расходных матэрыялаў. Яськоў загадзя паведамляў дырэктару фірмы «Геол-М» Семенюку, што клінічны цэнтар зьбіраецца закупляць, даваў усю інфармацыю, і гэта дазваляла «Геол-М» падрыхтавацца да конкурсу і выставіць больш выгадную прапанову. Паводле дзяржабвінаваўцы, Яськоў і Семянюк «актыўна стэлефаноўваліся», двойчы сустракаліся ў кавярні.
Сваёй віны Яськоў не прызнаў, зь лета ён знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Паводле вэрсіі сьледзтва, 18 тысяч даляраў хабару Аляксею Яськову перадаў намесьнік дырэктара «Геол-М» Семянюк. Пра адзін хабар ён расказаў улетку 2018 году ў яўцы з пакаяньнем, яшчэ пра два ўспомніў у студзені 2019-га. У дачыненьні Семенюка таксама заведзеная крымінальная справа за ўхіленьне ад выплаты падаткаў; гэта тычыцца грошай, якія ўвозіліся гатоўкай з Італіі ў Беларусь.
«Справа мэдыкаў». Што важна ведаць
Што здарылася. У чэрвені 2018 году стала вядома пра масавыя затрыманьні ў мэдыцынскай галіне. У дачыненьні да 37 службовых асобаў былі ужытыя розныя меры стрыманьня за злачынствы, прадугледжаныя трыма артыкуламі Крымінальнага кодэксу
- 430 («Атрыманьне хабару»),
- 431 («Даваньне хабару»)
- 243 («Ухіленьне ад выплаты сумаў падаткаў і збораў»)
Усяго ў «справе мэдыкаў» фігуруюць звыш 90 чалавек. Усе яны, як сьцьвярджаюць у КДБ, неаднаразова атрымлівалі незаконныя грашовыя ўзнагароды за садзейнічаньне ў пастаўцы мэдабсталяваньня і мэдыцынскіх прэпаратаў па завышаных цэнах. Усім прыцягнутым да крымінальнай адказнасьці, за выключэньнем апошніх затрыманых, выстаўленыя абвінавачаньні паводле названых крымінальных артыкулаў.
- 11 чэрвеня 2018 году стала вядома пра затрыманьне дырэктара Цэнтру экспэртыз аховы здароўя Аляксандра Сталярова, а таксама ягонага намесьніка (за стварэньне для «сваіх пастаўшчыкоў» прывабных умоў паставак імпартнага мэдычнага абсталяваньня ў дзяржаўныя шпіталі і паліклінікі).
- 18 чэрвеня «Ежедневник» паведаміў пра «масавыя затрыманьні ў структурах Мінздароўя» — больш за 10 чалавек — у межах апэрацыі аб пастаўках у беларускія мэдычныя ўстановы абсталяваньня па завышаных цэнах, паводле відавочна ашуканскіх схемаў. Сярод затрыманых аказаўся кіраўнік мэдыцынскай службы Міністэрства абароны Аляксей Яськоў.
- 19 чэрвеня МУС паведаміла пра затрыманьне галоўнага патолягаанатама Мінздароўя, кіраўніка гарадзкога клінічнага патолягаанатамічнага цэнтру Аркадзя Пучкова (за хабар цягам 10 год на суму каля 200 тысяч даляраў).
- 25 чэрвеня старшыня КДБ Валер Вакульчык паведаміў, што затрыманыя і ўзятыя пад варту 33 службовыя асобы, а ўсяго трапіла пад увагу больш за 50 чалавек. Фактычна ўсе яны віну прызналі і супрацоўнічаюць са сьледзтвам.
- Паводле намесьніка генпракурора Беларусі Аляксея Стука, сфэра аховы здароўя лідзіруе па колькасьці карупцыйных злачынцаў: 114 за пяць месяцаў 2018 году.
- 21 ліпеня быў звольнены затрыманы раней намесьнік міністра аховы здароўя Ігар Ласіцкі. Курыраваў пытаньні звароту мэдычных вырабаў у Беларусі і ліцэнзаваньня, за спрыяльнае вырашэньне пытаньняў, паводле КДБ, браў хабар «ад 2500 да 10 тысяч даляраў».
- 21 жніўня агучаны першы вырак у справе мэдыкаў-карупцыянэраў: былы намесьнік галоўнага лекара па тэхніцы Менскай абласной дзіцячай клінічнай бальніцы Аркадзь Патапаў асуджаны да 6 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму за карупцыйныя злачынствы.
- 11 верасьня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што па «справе мэдыкаў» распачатыя 95 крымінальных спраў, дзе фігуруюць «дзясяткі мільёнаў даляраў», амаль 100 чалавек трапілі пад сьледзтва.
- 30 студзеня 2019 году стала вядома Камітэт дзяржаўнай бясьпекі вядзе папярэдняе сьледзтва па 4 крымінальных справах, у межах якіх 93 чалавекі маюць працэсуальныя статусы абвінавачаных і падазраваных: 30 службовых асобаў сыстэмы аховы здароўя і 63 асобы — уласьнікі (заснавальнікі), кіраўнікі і працаўнікі камэрцыйных структураў. У гэты час ужо ішоў шэраг судоў па карупцыйных справах у мэдыцыне.