Пры сабе ў Юйцзін Чзан знайшлі флэш-карту з шкодным праграмным забесьпячэньнем.
30 сакавіка супрацоўнікі Сакрэтнай службы ЗША затрымалі грамадзянку Кітая, якая спрабавала незаконна пранікнуць у рэзыдэнцыю прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Мар-а-Лага, на поўдні штату Флорыда. Пра гэта гаворыцца ў матэрыялах суду Паўднёвай акругі Флорыды, паведамляе «Голас Амэрыкі».
У дакумэнтах, якія былі пададзеныя 1 красавіка ў суд Сакрэтнай службай, гаворыцца, што каля поўдня ў суботу 30 сакавіка грамадзянка КНР Юйцзін Чзан падышла да супрацоўнікаў Сакрэтнай службы, якія займаюцца праверкай наведнікаў прыватнага клюбу, разьмешчанага ў прэзыдэнцкім маёнтку ў Мар-а-Лага.
Жанчына паказала супрацоўнікам бясьпекі два кітайскія пашпарты, выпісаныя на яе імя, заявіўшы, што ёй трэба трапіць у клюбны басэйн. Супрацоўнікі Сакрэтнай службы не змаглі знайсьці яе імя ў сьпісе асобаў, якім дазволены ўваход у Мар-а-Лага. Па словах кіраўніка клюбу, у сьпісе сяброў значыўся чалавек па прозьвішчы Чзан. Хоць Юйцзін не змагла даць выразны адказ на пытаньне, ці зьяўляецца яна дачкой Чзан, кіраўніцтва клюбу дазволіла ёй уваход на тэрыторыю маёнтка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Выведка ЗША: Расея і Кітай уяўляюць галоўную пагрозуПадазрэньні ў супрацоўнікаў клюбу ўзьніклі пасьля таго, як Чзан не змагла ўцямна растлумачыць мэту наведваньня Мар-а-Лага. Яна заявіла, што прыехала ў клюб для ўдзелу ў імпрэзе, арганізаванай Кітайска-амэрыканскай асацыяцыяй ААН. Аднак неўзабаве высьветлілася, што гэтае сьцьвярджэньне не адпавядае рэчаіснасьці.
Адміністратар зьвязаўся з супрацоўнікамі Сакрэтнай службы, якія размаўлялі з Юйцзін Чзан, і прыйшоў да высновы, што ў жанчыны не было пры сабе дакумэнтаў, якія дазваляюць ёй знаходзіцца на тэрыторыі Мар-а-Лага.
Пры затрыманьні ў Чзан выявілі пры сабе чатыры мабільныя тэлефоны, ноўтбук, вонкавы цьвёрды дыск і флэш-назапашвальнік. Першапачатковая праверка флэш-карты паказала, што ў ёй ёсьць «шкоднае праграмнае забесьпячэньне», гаворыцца ў паведамленьні Сакрэтнай службы.
Жанчыне прад’явілі абвінавачаньні ў незаконным пранікненьні на ахоўную тэрыторыю, а таксама ў дачы лжывых паказаньняў праваахоўным органам.
2 красавіка на судовым пасяджэньні грамадзкі абаронца, які прадстаўляе інтарэсы Чзан, заявіў, што ягоная кліентка выкарыстоўвае сваё права захоўваць маўчаньне.
У прэс-службе Міністэрства юстыцыі не пракамэнтавалі арышту Чзан.