Новазаводзкі раённы суд Чарнігава выклікаў усіх сьведак для разгляду па сутнасьці справы грамадзяніна Беларусі Юрыя Палітыкі, якога ва Ўкраіне абвінавачваюць у незаконным зборы інфармацыі на карысьць нявызначанай дзяржавы.
Юры Палітыка перад судом сказаў Свабодзе, што ў яго добры настрой і ён спадзяецца хутка выйсьці на волю. На ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары СБУ Ўкраіны ён ня скардзіцца, знаходзіцца ў адной камэры з грамадзянінам Украіны.
Пракурор: «Зьбіраў сакрэтную інфармацыю для выведвальнага органа Беларусі»
Пракурор зачытвае абвінаваўчы акт. Цяпер у Палітыкі ўжо новае абвінавачаньне — зьбіраў сакрэтную інфармацыю для перадачы нявызначанаму падчас дасудовага расьсьледаваньня дзяржаўнаму органу Рэспублікі Беларусь.
Палітыка заявіў у судзе, што не прызнае сваёй віны і ніколі не займаўся шпіёнствам.
Your browser doesn’t support HTML5
Палітыка: «Я ніколі не займаўся шпіянажам»
«Я не разумею таго, у чым мяне абвінавачваюць. Я ніколі не займаўся шпіянажам і пабачыў мапу ўпершыню на сьледзтве», — заявіў ён пасьля таго, як пракурор Сяргей Дамашэнка абвясьціў абвінаваўчы акт.
Выступаў Палітыка па-беларуску. Ён у судзе карыстаецца паслугамі прафэсійнага перакладчыка з украінкай на беларускую Дзёбіка Ягора, беларуса паводле паходжаньня, які жыве ў Луцку, ажаніўся з украінкай і паўгады таму пераехаў ва Ўкраіну.
Знойдзены ў мабільным тэлефоне Палітыкі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм» зьяўляецца галоўным доказам абвінавачаньня.
У абвінаваўчым акце адзначаецца, што Юры Палітыка зьбіраў сакрэтную інфармацыю ва Ўкраіне «для перадачы неўстаноўленаму ў часе дасудовага расьсьледаваньня дзяржаўнаму выведвальнаму органу замежнай дзяржавы Рэспублікі Беларусь».
Пакуль пракурор не агучыў меру пакараньня, якую будзе патрабаваць у судзе па выніках разгляду справы. Палітыку абвінавачваюць у злачынстве паводле часткі 1 артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны, які прадугледжвае пакараньне ў выглядзе пазбаўленьня волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Абвінавачаньне перадало калегіі судзьдзяў для вывучэньня пісьмовыя доказы, сабраныя ў часе дасудовага расьсьледаваньня. Толькі пасьля іх вывучэньня ў суд будуць выкліканыя сьведкі.
Суд падоўжыў утрыманьне Юрыя Палітыкі пад вартай на 60 дзён і завяршыў пасяджэньне. Наступнае пасяджэньне адбудзецца 6 траўня.
Пасьля затрыманьня Юрыя Палітыкі Ўкраіна зьвярталася да Беларусі па прававую дапамогу ў расьсьледаваньні справы, але Генэральная пракуратура Беларусі адмовілася яе надаваць. У той жа час беларускія дыпляматы прысутнічаюць на ўсіх судовых паседжаньнях у справе беларуса.
Гісторыя шпіёнскага скандалу
Палітыку затрымалі ў чэрвені 2017 году на ўкраінскім памежным пераходзе «Новыя Ярылавічы», што на мяжы зь Беларусьсю. Падчас затрыманьня ў ягоным тэлефоне знайшлі зашыфраваны файл з мапай разьмяшчэньня вайсковых падразьдзяленьняў у зоне антытэрарыстычнай апэрацыі на Данбасе і плянам наступальнай апэрацыі «Шторм». Паўгода да затрыманьня спэцслужбы Ўкраіны сачылі за ўсімі кантактамі і перамяшчэньнямі Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве.
Паводле артыкулу 114 Крымінальнага кодэксу Ўкраіны («шпіянаж») грамадзяніну Беларусі пагражае пазбаўленьне волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў з канфіскацыяй ці без канфіскацыі маёмасьці.
Украінскія экспэрты выказвалі думкі, што ўкраінскі журналіст Паўло Шаройка быў затрыманы ў Беларусі ў адказ на затрыманьне Юрыя Палітыкі ў Чарнігаве. Паўло Шаройка ўжо асуджаны беларускім судом на 8 гадоў турмы за шпіянаж.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскага журналіста перавялі зь СІЗА КДБ у бабруйскую калёнію № 2Летась у жніўні Юрыя Палітыку прывезьлі на чарговае паседжаньне суду ў Чарнігаве зь сіняком пад левым вокам. Але сам ён ня мог удакладніць абставіны атрыманьня траўмаў і сьцьвярджаў, што ня памятае, як гэта адбылося. На той момант Галоўнае ўпраўленьне Нацыянальнай паліцыі ў Чарнігаўскай вобласьці ўжо расьсьледавала крымінальную справу паводле гэтага факту.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускага «шпіёна» прывезьлі ва ўкраінскі суд з траўмамі, абаронцы заявілі аб катаваньняхАдвакаты беларуса, як і прадстаўнікі Міністэрства замежных спраў Беларусі, ня выключалі, што Юрыя Палітыку зьбілі супрацоўнікі сьледчага ізалятара, аргумэнтуючы тым, што ў часе дасудовага расьсьледаваньня ў дачыненьні да яго нібыта выкарыстоўваліся незаконныя мэтады дазнаньня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Беларусі настойвае на шпіталізацыі беларуса, абвінавачанага Ўкраінай у шпіянажыУ той жа час у адным з судовых рашэньняў у справе пра зьбіцьцё Юрыя Палітыкі адзначалася, што гаворка ідзе аб ягоным канфлікце зь іншым затрыманым, які ўтрымліваўся ў адной камэры зь беларусам: «Устаноўлена, што Палітыка Юры атрымаў цялесныя пашкоджаньні ад сукамэрніка ў выглядзе пералому скулавай косткі зьлева і гематомы пад левым вокам».
Дарэчы, Юры Палітыка паведаміў пра гэты канфлікт сваёй маці, а тая, у сваю чаргу, праінфармавала аб інцыдэнце амбасаду Беларусі ва Ўкраіне. Сам Юры адмовіўся даваць сьледчым паказаньні, бо адсутнічалі ягоныя адвакаты. У межах гэтай справы суд прызначыў экспэртызу аб цяжкасьці пашкоджаньняў і магчымасьці іх атрымаць у выніку падзеньня, але вынікі пакуль невядомыя.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Консул і лекар наведалі «беларускага шпіёна» Палітыку ў СІЗА СБУ ў КіевеПасьля гэтага выпадку Юрыя Палітыку перавялі ў Кіеў, у сьледчы ізалятар Службы бясьпекі Ўкраіны, адкуль яго цяпер возяць у Чарнігаў на ўсе судовыя паседжаньні.
У лютым беларусу падоўжылі тэрмін утрыманьня пад вартай да 6 красавіка. Сёньня суд чарговы раз мусіць падоўжыць ягоны арышт яшчэ на два месяцы, каб завершыць разгляд справы.