Ужо сёньня: дзень дзяржаўнасьці беларускай мовы ў БНР

Падзеі 3 красавіка ў беларускай і сусьветнай гісторыі.

Дата дня

3 красавіка 1918 году Народны Сакратарыят Беларускай Народнай Рэспублікі абвясьціў беларускую мову дзяржаўнай і абавязковай мовай краіны.

Усе акты, дакумэнты і ліставаньне ўрадавых установаў БНР павінны былі пісацца на дзяржаўнай беларускай мове. Нацыянальным мяншыням Беларусі дазвалялася карыстацца сваёю моваю ў афіцыйных дачыненьнях зь дзяржаўнымі ўстановамі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вучыцца на роднай мове. 8 фактаў пра беларускія школы

Таксама ў гэты дзень

1922 — Ёсіф Сталін быў выбраны генэральным сакратаром Расейскай камуністычнай партыі (бальшавікоў).

1940 — аддзелы НКВД пачалі масавыя расстрэлы палонных афіцэраў Польскага войска ў Катыні, Мядовым і Курапатах. Агульны лік ахвяраў — каля 16 тысяч. Сярод расстраляных было шмат беларусаў-вайскоўцаў. Толькі ў Курапатах загінулі каля 5 тысяч ваеннапалонных, якія склалі зброю ў Заходняй Беларусі.

1981 — у Менску быў заснаваны Літаратурны музэй Максіма Багдановіча. Пасьля шматгадовага самастойнага існаваньня 1 красавіка сёлета Багдановічаў музэй афіцыйна стаў філіяй Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры.

1991 — пачаўся страйк работнікаў менскіх заводаў з эканамічнымі і палітычнымі патрабаваньнямі.

2008 — у Менску пасьпяхова зрабілі першую ў Беларусі апэрацыю перасадкі нырак.

У гэты дзень нарадзіліся

1885 — Барыс Вількіцкі, дасьледчык Арктыкі, гідрограф-геадэзіст беларускага паходжаньня.

1937 — Іван Антановіч, беларускі палітык і дыплямат, прафэсар філязофіі. Быў загадчыкам аддзелу культуры ЦК КПБ, у 1997–1998 гадах займаў пасаду міністра замежных спраў. Пазьней пераехаў у Маскву.

У памяці

1973 — Анатоль Марцінкевіч, адзін з пачынальнікаў беларускага баскетболу.

1980 — Леанід Галяк, юрыст, журналіст, дзяяч беларускай эміграцыі ў Нямеччыне і ЗША.

2003 — Алег Табола, удзельнік моладзевага антысавецкага падпольля ў Глыбокім, вязень ГУЛАГу.