Пытаньне аб выдзяленьні Беларусі крэдыту ў памеры 600 мільёнаў даляраў «знаходзіцца ў прапрацоўцы», паведамляе расейскае агенцтва РБК са спасылкай на Дзьмітрыя Пяскова, прэс-сакратара прэзыдэнта Расеі.
Пяскоў удакладніў, што гэтая тэма «пастаянна стаяць на парадку дня» і абмяркоўвалася падчас сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі і Беларусі Ўладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі ў Сочы.
«Я не стаў бы рабіць цяпер афіцыйных заяў, давайце дачакаемся адпаведнагаа моманту» — сказаў прадстаўнік Крамля.
Расейскае агенцтва ТАСС паведамляла са спасылкай на першага віцэ-прэм’ера — міністра фінансаў Расеі Антона Сілуанава, што Расея дасьць Беларусі дзяржаўны крэдыт у памеры да 600 мільёнаў даляраў і што грошы пойдуць на рэфінансаваньне плацяжоў у пагашэньне асноўнай запазычанасьці па раней атрыманых ад Расеі крэдытаў.
«У адпаведнасьці з рашэньнем прэзыдэнта РФ, Расія прадаставіць Беларусі дзяржаўны фінансавы крэдыт у суме да $600 млн. Сродкі пойдуць на рэфінансаваньне плацяжоў у пагашэньне асноўнага доўгу па раней прадастаўленых Расейскай Фэдэрацыяй пазыках,» — цытавала ТАСС расейскага ўрадоўца.
Паводле Сілуанава, цяпер праводзяцца неабходныя для падпісаньня міждзяржаўнага пагадненьня працэдуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Крэдытная піраміда па-беларускуСілуанаў таксама дадаў, што Менск да канца красавіка можа атрымаць ад Эўразійскага фонду стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР) сёмы транш крэдыту, памер якога складае $200 млн.
Агульная сума крэдыту з улікам папярэдніх траншаў дасягае $2 млрд. Адпаведнае пагадненьне паміж беларускім Міністэрствам фінансаў і Эўразійскім банкам разьвіцьця было падпісана ў сакавіку 2016 году.
Эўразійскі банк разьвіцьця зьяўляецца міжнароднай фінансавай арганізацыяй, заснаванай Расеяй і Казахстанам у студзені 2006 году. Статутны капітал банка складае $7 млрд. У яго працы бяруць удзел Армэнія, Беларусь, Казахстан, Кіргізстан, Расея і Таджыкістан.