Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Беларусі Лідзія Ярмошына, якая на запрашэньне ўкраінскіх калегаў назірала за прэзыдэнцкімі выбарамі ва Ўкраіне, сказала карэспандэнту Свабоды, што ў яе засталося пазытыўнае ўражаньне ад першага туру.
«Выбары былі добрыя, спакойныя, арганізаваныя, насельніцтва вельмі актыўнае,— адзначыла яна. — Я зьвярнула ўвагу, што людзі ішлі на ўчасткі з добрым настроем».
Сам выбарчы працэс ва Ўкраіне Лідзія Ярмошына назвала дастаткова складаным, але пацьвердзіла, што сумнявацца ў яго чысьціні ня варта.
На пытаньне, ці будзе яна назіраць і за другім турам прэзыдэнцкіх выбараў, кіраўніца ЦВК Беларусі сказала, што такога запрашэньня ў яе пакуль няма, але там больш за 2 тысячы міжнародных назіральнікаў і гэтых сілаў хопіць, каб даць аб’ектыўную ацэнку абодвум турам.
А што Лідзія Ярмошына хацела б запазычыць для Беларусі з украінскага выбарчага працэсу?
«Не ўзяла б нічога, — адказала яна Свабодзе. — Там цяпер выбары праводзяцца зусім інакш, чым у нас, закладаюцца іншыя традыцыя. Каб праводзіць выбары на ўкраінскі манэр, трэба мець вельмі вялікія сродкі».
Чыноўніца дадала, што ня мае інфармацыі, калі і ў якой чарговасьці пройдуць выбары ў Беларусі — прэзыдэнцкія і парлямэнцкія.
Your browser doesn’t support HTML5
Што трэба ведаць пра прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне
- Выбары прэзыдэнта Ўкраіны адбыліся ў два туры 31 сакавіка і 21 красавіка 2019 году.
- Па выніках першага туру найбольш галасоў набралі шоўмэн Уладзімір Зяленскі (за яго прагаласавалі 30,24% выбарнікаў) і дзейны кіраўнік краіны Пятро Парашэнка (15,95%). На трэцім месцы па выніках галасаваньня апынулася Юлія Цімашэнка — 13,40%, далей ідуць Юры Бойка (11,67%) і Анатоль Грыцэнка (6,91%).
- У другім туры перамог Зяленскі. Паводле папярэдніх вынікаў, ён набраў звыш 73% галасоў, Парашэнка атрымаў каля 24,5%.
- Прэзыдэнт Украіны выбіраецца на ўсенародных выбарах на пяць гадоў. На гэтую пасаду, як і ў Беларусі, можа прэтэндаваць любы грамадзянін, якому споўнілася 35 гадоў. Заканадаўства абмяжоўвае магчымасьць балятавацца больш чым на два тэрміны.
- Ва Ўкраіне парлямэнцка-прэзыдэнцкая форма праўленьня. Як вынік, прэзыдэнт мае абмежаваныя паўнамоцтвы: ён прызначае кіраўнікоў сілавых структураў (Службы бясьпекі, Міністэрства абароны, генэральнага пракурора), мясцовых дзяржаўных адміністрацый. Склад ураду і прэмʼер-міністра выбірае парлямэнт, але кандыдатуру на разгляд Вярхоўнай Рады ўносіць прэзыдэнт на падставе прапановы ўрадавай кааліцыі, сфармаванай у Вярхоўнай Радзе пасьля парлямэнцкіх выбараў.
- Прэзыдэнт Украіны не адказвае за эканамічную палітыку, але практычна ўсе кандыдаты ў прэзыдэнты ў часе выбарчай кампаніі маніпулююць выбарнікамі, абяцаючы зьніжэньне тарыфаў, цэнаў, а таксама павелічэньне заробкаў і пэнсій. У той жа час кіраўнік дзяржавы мае права накладваць вэта на законы, ухваленыя парлямэнтам, і пастановы ўраду ў выпадку іх неадпаведнасьці Канстытуцыі.
- Прэзыдэнт Украіны вызначае замежную палітыку і, адпаведна, прызначае міністра замежных спраў.
- Адначасова прэзыдэнт Украіны зьяўляецца галоўнакамандуючым Узброеных сілаў і старшынёй Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны, склад якой таксама вызначае кіраўнік дзяржавы.
- Сёлетнія выбары былі найбольш канкурэнтнымі за ўсю гісторыю незалежнасьці Ўкраіны — для рэгістрацыі кандыдатам у Цэнтральную выбарчую камісію зьвярнуліся амаль 90 грамадзян, былі зарэгістраваныя 44 кандыдаты. Гэта найбольшая колькасьць прэтэндэнтаў на пасаду прэзыдэнта за ўсе гады незалежнасьці краіны: у 1999 годзе ў выбарах прэзыдэнта Ўкраіны ўдзельнічалі 13 кандыдатаў, у 2004-м — 24, у 2010-м — 18, у 2014-м — 21.