Беларускі студэнт з Горадні, які вучыцца ў Польшчы, захварэў на адзёр.
Паводле галоўнага дзяржаўнага санітарнага лекара Горадні і Горадзенскага раёна Яніны Шарэнды, хлопец захварэў у Польшчы і прыехаў у Беларусь.
Гэта здарылася ў сярэдзіне сакавіка.
«У Беларусі здараюцца завазныя выпадкі адру, у тым ліку і ў Горадні, у зьвязку з тым, што гэта прыгранічны горад. Свайго адру, на шчасьце, у нас пакуль няма. Захворваньне прывёз студэнт з Польшчы. Яно зарэгістравана. На сёньняшні дзень стан хлопца задавальняючы», — сказала Свабодзе галоўны дзяржаўны санітарны лекара Горадні і Горадзенскага раёна.
Паводле Яніны Шарэнды, студэнт лекаваўся амбуляторна дома, усе неабходныя прафіляктычныя мерапрыемствы праведзеныя, усе мэдычныя ўстановы добра спрацавалі.
«Нічога звышнатуральнага тут няма», — сказала Яніна Шарэнда.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі 241 чалавек захварэў на адзёр зь лютага 2018 годуЯк раней паведамляла Свабода, афіцыйна адзёр у Беларусі пераможаны. У апошнія 30 гадоў дзяцей прышчапляюць двухразова — у 12 месяцаў і ў 6 гадоў. Гэтага дастаткова для стварэньня пажыцьцёвага імунітэту.
Адзёр — адна з самых заразных вірусных інфэкцый. Перадача ідзе ад хворага паветрана-кропельным шляхам. Сымптомамі зьяўляюцца высокая тэмпэратура, кашаль, сып і каньюнктывіт. Найбольш небясьпечны адзёр для дзяцей — у іх найбольш высокі шанец памерці. Адзіны спосаб абароны ў гэтым выпадку — вакцынацыя.