Зьнікла найдаражэйшая карціна з калі-небудзь прададзеных на аўкцыёне, — New York Times

Палатно Леанарда да Вінчы «Збаўца сьвету»

У Люўры ня ведаюць, дзе знаходзіцца палатно Леанарда да Вінчы «Збаўца сьвету», якое стала найдаражэйшай карцінай з калі-небудзь прададзеных на аўкцыёне.

Пра гэта паведамляе The New York Times са спасылкай на неафіцыйную заяву супрацоўнікаў філіі музэю ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах.

Карціна, якая належала расейскаму мільярдэру Дзьмітрыю Рыбалоўлеву, пайшла з малатка на аўкцыёне Christie’s у лістападзе 2017 году за рэкордныя 400 мільёнаў даляраў без уліку падаткаў і камісіяў. Яе зьбіраліся паказаць у ААЭ, але ў верасні 2018 году выставу скасавалі без тлумачэньня прычын.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Манака затрымалі аднаго з найбагацейшых расейцаў

На гэтым фоне зноў сталі гучаць здагадкі пра тое, што Леанарда да Вінчы ня ёсьць аўтарам карціны, а новы ўладальнік хоча ўнікнуць увагі грамадзкасьці, адзначае амэрыканская газэта The New York Times.

Афіцыйныя камэнтары пра месца разьмяшчэньня палатна ў ААЭ не даюць. Яшчэ ў 2017 годзе The New York Times высьветліла, што карціну купіў саудаўскі прынц Бадэр бін Абдула бін Мухамэд бін Фархан аль-Сауд. Выданне называе яго «блізкім хаўрусьнікам» і магчымым пасярэднікам наследнага прынца Саудаўскай Арабіі Мухамэда бін Салмана.

«Некаторыя мяркуюць, што прынц Мухамэд мог проста пакінуць карціну сабе», — піша The New York Times. У пасольстве Саудаўскай Арабіі ад камэнтароў адмовіліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскі мільярдэр прадаў карціну да Вінчы за рэкордныя паўмільярда даляраў

Паводле іншай вэрсіі, палатно вырашылі адправіць у Эўропу — нібыта для экспэртызы, якую ў выніку адмянілі.

У Люўры выказалі надзею на тое, што карціна знойдзецца да заплянаванай на восень у Парыжы выставы, прымеркаванай да 500-й гадавіны з дня сьмерці да Вінчы.