Беларускія ўкраінцы галасуюць у Менску і Берасьці. Расейскія СМІ на ўчастак не дапусьцілі

У Беларусі зарэгістравана каля 12 000 украінскіх выбарцаў, якія аднесеныя да двух участкаў: у амбасадзе Ўкраіны ў Менску і ў генконсульстве ў Берасьці.

Звычайна ў выбарах бяруць удзел каля 10 адсоткаў ўкраінскіх грамадзян, якія стала пражываюць у Беларусі. Гэтым разам чакаецца больш высокая яўка, сказаў Свабодзе амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім.

Старшыня выбарчай камісіі, якая дзейнічае ў Менску пры амбасадзе Ўкраіны, Аксана Ўрублеўская распавяла, што на 12:00 у выбарах узяў удзел 241 грамадзянін.

На ўчастку працуюць назіральнікі ад кандыдатаў і Сусьветнага кангрэса ўкраінцаў. Заўваг ад іх па стане на 12:00 не было.

Некалькі чалавек не змаглі прагаласаваць з-за таго, што не мелі замежных украінскіх пашпартоў, а толькі ўнутраныя, сябры камісіі ім патлумачылі закон і параілі падрыхтавацца ўжо да наступных выбараў, атрымаўшы новыя дакумэнты.

Празрыстая ўрна для бюлетэняў

На ўчастак у Менску ня былі дапушчаныя прадстаўнікі расейскіх СМІ, такім было рашэньне выбарчай камісіі. Яны толькі маглі здымаць і запісваць інтэрвію з выбарцамі за плотам амбасады. Затое ўчастак, разьмешчаны ў амбасадзе Ўкраіны ў Менску, могуць наведваць прадстаўнікі беларускіх, украінскіх і міжнародных СМІ.

Каля амбасады ўзмоцненыя нарады беларускай міліцыі.

Амбасадар Украіны ў Менску Ігар Кізім распавёў, што ў сьпісах украінскіх выбарцаў у Беларусі ёсьць людзі, якія паходзяць з Данбаса і Крыма, яны стаяць на консульскім уліку.

Карэспандэнт Свабоды сустрэў на ўчастку ў Менску ўкраінскіх грамадзянаў родам з Крыма і Данецка, якія пераехалі ў Беларусь яшчэ да расейскай анэксіі Крыму і агрэсіі на Данбасе, а таксама сям’ю з Горлаўкі, якая 2 гады таму пакінула свой дом, уцякаючы ад вайны. Усе яны казалі, што спадзяюцца на аднаўленьне міру і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны, каб можна было наведваць сваіх родных у Крыме і Данбасе.

Бюлетэнь на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны.

У Расеі ўчасткаў на выбарах прэзыдэнта Ўкраіны няма, грамадзяне Ўкраіны, зарэгістраваныя ў Расеі, могуць галасаваць Грузіі, Казахстане, Фінляндыі. Беларусь у гэты пералік ня ўнесеная.