Што і дзе варта паглядзець у мясьцінах, дзе віруе беларускае жыцьцё? Свабода дапамагае арыентавацца ў багацьці выбару.
30 дзён на ровары: круцім пэдалі ўвесь красавік
Менскае роварнае таварыства і Цэнтар экалягічных рашэньняў пачынаюць акцыю #30daysofbiking «30 дзён на ровары». Яна мае прапагандаваць і пашыраць гарадзкі роварны рух у Менску і рэгіёнах: кожны красавіцкі дзень хоць крыху езьдзіць на двух колах.
Шпацыр-адкрыцьцё заплянаваны на 1 красавіка. Старт а 19-й гадзіне ад сядзібы Менскага роварнага таварыства (вул. Смалячкова, 14а). Як удакладняюць арганізатары, маршрут кальцаваты і зойме прыблізна 60 хвілін. Паездка ў спакойным тэмпе (прыблізна 15 км/г).
Стаць удзельнікам можа кожны ахвочы на спраўным ровары, абсталяваным ліхтарамі. Гэтаксама запрашаюць уладальнікаў іншых экалягічных відаў транспарту — самакатаў, скейтбордаў, ролікаў, монаколаў, сыгвэяў.
Імпрэза ладзіцца пры фінансавай падтрымцы Эўразьвязу і праграмы малых грантаў Глябальнага экалягічнага фонду.
Камаедзіца пад Менскам: сустрэць веснавога мядзьведзя
«Камаедзіца» — старадаўні абрад, водгалас пакланеньня мядзьведзю, калі намагаліся яго ўлагодзіць, задобрыць. Сьвята спраўлялі ў пачатку вясны, калі заканчвалася сьпячка зьвера і ён вылазіў зь берлагу. Продкі гатавалі гарохавую кашу — так званыя камы, сушаны рэпнік, аўсяны кісель, якія лічыліся любімай ежай мядзьведзя.
6 красавіка акунуцца ў атмасфэру старажытнага абраду можна ў сэктары «Падняпроўе» Дзяржаўнага музэю народнай архітэктуры і побыту ў Азярцы (Строчыцы) пад Менскам.
Некалі Падняпроўе было густа пакрытае спрадвечнымі лясамі, у якіх вялося шмат мядзьведзяў. Здаралася, драпежнік паляваў на людзей і свойскую жывёлу, чым наводзіў страх на жыхарства.
Наведнікі абрадавай дзеі ў Азярцы змогуць паслухаць казкі і паданьні пра мядзьведзя і, натуральна, пачаставацца аўтэнтычнай гарохавай кашай. Таксама плянуюцца майстар-кляса ў народных танцах і продаж арыгінальных сувэніраў ад майстроў.
«Мора Герадота»: экскурсія на разьлівы Прыпяці
У антычнасьці «Морам Герадота» называлі Палесьсе — празь вялізныя разьлівы падчас паводкі.
13 красавіка экскурсійнае агенцтва «Краіна Замкаў» запрашае ахвочых палюбавацца разьлівамі Прыпяці — якраз у гэты час рака найбольш паўнаводная і дэманструе свой дзікі нораў.
Маршрут праляжа праз адно з старажытных паселішчаў Беларусі — Тураў. Спакон вякоў тут захаваліся гарадзішча, замкавыя руіны, рэшткі храмаў. Адзін зь мясцовых цудаў — Тураўскі каменны крыж, які, паводле легендаў, нібыта штогод незразумелым чынам «падрастае». Шмат хто прыяжджае сюды адмыслова, каб дакрануцца да рэліквіі, у тым ліку спадзеючыся вылечыцца ад хваробаў.
З Турава заплянаваны пераезд у Ляскавічы і 2-гадзіннае падарожжа катэрам па Прыпяці. Арганізатары вандроўкі абяцаюць фантастычныя карціны палескай прыроды.
«Запаведны кадар»: птушкі Бацькаўшчыны ў аб’ектыве
19–21 красавіка Бярэзінскі біясфэрны запаведнік і арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» ладзяць спаборніцтвы ў фотапаляваньні на птушак «Запаведны кадар». Такі від актыўнага адпачынку, папулярны ва ўсім сьвеце, на тэрыторыі запаведніку арганізуецца ўпершыню.
Рабіць цікавыя падарожжы ў сьвет натуры заклікаюць арганізатары. Блізкае знаёмства з птушкамі дапаможа ўбачыць прыгажосьць і глыбіню запаведнае прыроды.
Што патрэбна для ўдзелу? Каманда з 2 чалавек альбо адзін удзельнік; лічбавы фотаапарат ці мабільны тэлефон з камэрай; ноўтбук або пляншэт для апрацоўкі фота; вызначальнік птушак (дадатак у смартфоне або друкаванае выданьне); сухая ссабойка і тэрмас з гарачай гарбатай; гумовыя боты і сродак ад кляшчоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тры тысячы рублёў на месяц. Як выжывае адзіны ў Беларусі прытулак для дзікіх птушакПераможцаў і прызэраў чакаюць дыплёмы і падарункі. Заяўкі на ўдзел прымаюцца на электронны адрас tourism@berezinsky.by да 18 красавіка.
«Сядзіба музаў»: аўтобусам па Старавіленскім тракце
20 красавіка кампанія «Віаполь», запрашае скарыць старавіленскі шлях на маршруце Залесьсе — Смаргоні — Солы — Астравец — Гервяты.
У Залесьсі правёў 20 гадоў свайго бурнага жыцьця Міхал Кляофас Агінскі — дзяржаўны і грамадзкі дзяяч, дыплямат, кампазытар, аўтар знакамітага палянэзу «Разьвітаньне з Радзімай». 250-годзьдзе з дня яго нараджэньня было ў календары UNESCO 2015 году. Адрэстаўраваны палац у атачэньні пэйзажнага парку стане сцэнаю анімацыйнага шоў «Сядзіба музаў».
Побач — старыя Смаргоні, вядомыя кальвінісцкім зборам XVII стагодзьдзя і захаванай інфраструктурай Першай усясьветнай вайны. Далей прыпынак у Солах, дамінантай тут постмадэрнісцкі касьцёл пачатку XX стагодзьдзя. Працягнецца вандроўка ўспамінамі пра «белага консула» у Японіі — Язэпа Гашкевіча, пахаванага ў Астраўцы пад касьцёльнымі мурамі.
У вядомых яшчэ з XIII стагодзьдзя Гервятах уражвае найперш сваім вялізным і адначасова вытанчаным абрысам касьцёл Сьвятой Тройцы — каменны харал Сярэднявечча, адзін з манумэнтальных храмаў Беларусі.
Чарнобыльскі маршрут: сьцежкамі сталкераў
26 красавіка — гадавіна катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Апошнім часам сярод аматараў экстрыму запатрабаваныя паездкі ў гарады і вёскі, адселеныя пасьля аварыі.
Цяпер у Беларусі зьявіліся пасярэднікі, якія арганізуюць падобныя выезды празь мяжу з Украінай. Аднадзённае падарожжа з Гомля ад фірмы «Прыпяць-тур» абыдзецца ў 250 рублёў, на два дні — 400 рублёў.
Праграма ў зоне адчужэньня (30-кілямэтровая зона) прадугледжвае агляд цэнтру адселенага гораду Чарнобыль: старой царквы, рачнога порту з закінутымі баржамі, пляцоўкі зь відам на «Саркафаг», аб’екту «Сховішча-2».
Адтуль пераезд у «мёртвы горад» Прыпяць: цэнтральная плошча, дом культуры, шпіталь, крамы, школы, дзіцячы парк з колам агляду, нават гарадзкая турма. Колькасьць аб’ектаў залежыць ад арганізаванасьці групы і ўмоваў надвор’я.
Манюшка-200: дзіцячыя мясьціны кампазытара
Сёлета 200-гадовы юбілей Станіслава Манюшкі — аднаго з самых славутых кампазытараў Беларусі і Польшчы. Аўтар шматлікіх песень, опэраў, апэрэтаў, балетаў зьявіўся на сьвет 5 траўня 1819 году.
27 красавіка кампанія «Колар-Лэнд» запрашае на супольную экскурсію мясьцінамі Манюшкі — на яго малую радзіму ў Убель Чэрвенскага раёну, а таксама ў Сьмілавічы, Ляды, Дукору, Ігумен (цяпер Чэрвень). Тут зьберагліся самабытная архітэктура і прырода, якія натхнялі ў дзяцінстве Станіслава. Апроч Манюшкі, гэтыя адрасы зьвязаныя зь дзяржаўным дзеячом Міхалам Казімерам Агінскім, мастаком Хаімам Суцінам, шляхотным родам Ваньковічаў ды іншымі.
Раней у межах юбілейных захадаў кіраўнік «Беларускай капэлы», заслужаны артыст Беларусі Віктар Скарабагатаў ініцыяваў стварэньне памятнай шыльды ў гонар першага публічнага гучаньня беларускай мовы з прафэсійнай тэатральнай сцэны — ідзецца пра першую беларускую опэру «Ідылія» Манюшкі і Дунін-Марцінкевіча.