У Расеі набылі моц законы аб пакараньні за «фэйкі» і непавагу да ўлады

Ілюстрацыйнае фота. Падчас акцыі за свабоду інтэрнэту ў Маскве, красавік 2018 году

У Расеі 29 сакавіка набылі моц законы аб адказнасьці за распаўсюд фэйкавых навінаў і абразу ўлады і дзяржаўных знакаў у інтэрнэце.

За публікацыю ў інтэрнэце «недакладнай грамадзка значнай» інфармацыі грамадзян чакае штраф на суму да 100 тысяч расейскіх рублёў (каля 1540 даляраў), службовых асобаў — да 200 тысяч, юрыдычных — да паўмільёна. Пры паўторным парушэньні або пры стварэньні з-за распаўсюджваньня «фэйка» перашкод для работы аб’ектаў жыцьцезабесьпячэньня, прамысловасьці або банкаў штраф для юрыдычных асоб можа дасягаць 1,5 мільёнаў рублёў.

Публікацыя пастоў, якія дэманструюць непавагу да ўлады, будзе прыроўненая да дробнага хуліганства. За першую такую публікацыю на працягу году пагражае да 100 тысяч рублёў або адміністрацыйны арышт на тэрмін да 15 сутак, за другі — штраф да 200 тысяч рублёў або арышт да 15 сутак, далей прадугледжаны штраф у 300 тысяч рублёў або арышт.

Пакет законапраектаў быў унесены ў Дзярждуму кіраўніком камітэту Савета Фэдэрацыі па заканадаўстве Андрэем Клішасам і дэпутатамі Людмілай Бакавы і Дзьмітрыем Вяткіным. Ён быў прыняты парлямэнтам 7 сакавіка. Пазьней іх ўхваліў Савет Фэдэрацыі і падпісаў прэзыдэнт Уладзімір Пуцін.

Законапраекты крытыкавалі праваабаронцы і журналісты, адзначаючы, што іх прыняцьце абмяжоўвае свабоду слова і паказваючы на няяснасьць крытэрыяў аднясеньня той ці іншай інфармацыі да разраду «фэйкавых». Дакумэнты таксама атрымлівалі нэгатыўныя водгукі ад шэрагу дзяржаўных ведамстваў, аднак урад у рэшце рэшт іх падтрымаў.