Ніякіх наступстваў для салігорскага школьніка, які зьмясьціў у сацыяльнай сетцы верш да Дня Волі, ня будзе. Пра гэта заявілі Свабодзе дырэктарка салігорскай гімназіі № 1 Яўгенія Невар і прэс-служба Міністэрства адукацыі.
Клясная загадала выдаліць верш
Адзін з найлепшых навучэнцаў Салігорскай гімназіі № 1 дзесяціклясьнік Герман Лебедзь напярэдадні Дня Волі зьмясьціў у сацыяльнай сетцы «ЎКантакце» свой патрыятычны верш пра бел-чырвона-белы сьцяг.
Бел-чырвона-белы сьцяг
Дзе белы — незалежнасьць
Стаю пад сьцягам перамог
І чую прыналежнасьць
Да посьпехаў, да барацьбы
За чыстую свабоду
Няма цяпер яе ў нас
Вяртайце сьцяг народу
Мы самі можам выбіраць
Пакіньце нас у спакоі
Мой — бел-чырвона-белы сьцяг
Мой герб — гэта Пагоня.
На наступны дзень хлопцу патэлефанавала клясная кіраўніца, настаўніца расейскай мовы і літаратуры Натальля Арлукевіч і загадала выдаліць верш. Верш Герман выдаліў, расказала раніцай 28 сакавіка Свабодзе ўсхваляваная маці Германа спадарыня Юлія.
«У пятніцу да нас прыйдзе камісія складаць акт. Быццам бы ў вершы ўгледзелі суіцыдальны сэнс. Я ня ведаю, з чым яны прыйдуць, давайце дачакаемся. Я проста баюся за сына, ён вучыцца ў 10-й клясе, і могуць быць праблемы. Пагатоў праблемы ў сына ўжо былі, калі ён у сачыненьні напісаў, што сыстэма адукацыі састарэла, яе трэба мяняць», — кажа маці.
Захапляецца гісторыяй, піша вершы
Герман Лебедзь захапляецца гісторыяй, любіць чытаць гістарычныя кнігі, удзельнічае ў алімпіядах, мае ўзнагароды. Вершы і песенькі ён піша даўно, «літаральна зь першай клясы». Пастаянна зьмяшчае іх на сваёй старонцы «ЎКантакце».
«Нядаўна майго сына паказвалі па СТВ. Быў сюжэт пра тое, што ягоная настаўніца гісторыі атрымала грамату, а ён у яе любімы вучань», — з гонарам апавядае пра Германа ягоная маці.
Маці прасіла Свабоду не зьмяшчаць ніякай інфармацыі пра гэты выпадак да візыту кляснага кіраўніка і камісіі з гімназіі. Аднак пасьля розгаласу ў сацыяльных сетках і СМІ сытуацыя памянялася.
Свабода зьвярнулася па камэнтары ў Міністэрства адукацыі і ў гімназію.
Міністэрства: «Ніхто хлопца не чапае, ніхто яго ня будзе правяраць»
Міністэрства адукацыі на запыт Радыё Свабода паведаміла, што яны ведаюць пра сытуацыю і ўжо зьвярталіся ва ўстанову, дзе вучыцца хлопец.
«Да хлопца няма ніякіх пытаньняў. Ніхто яго не чапае, ніхто яго ня будзе правяраць. У яго высокі сярэдні бал, ён алімпіяднік па гісторыі», — паведамілі Радыё Свабода ў прэсавай службе Міністэрства адукацыі.
Дырэктарка гімназіі: «Дзіця само пагадзілася прыбраць верш»
Дырэктарка салігорскай гімназіі № 1 Яўгенія Невар у камэнтары Свабодзе выказала думку, што «сытуацыя шалёна разьдзьмутая» і ніякай праблемы няма.
«Калі мы заўважылі верш на ягонай старонцы, мы дзіцяці патлумачылі вельмі спакойна, што, маўляў, „Герман, ня вельмі добра разьмяшчаць такі верш“. Дзіця пагадзілася і прыбрала верш.
Што да плянаванага наведваньня сям’і ў пятніцу, у нас ёсьць такі рэйд „Клопат“, і ў межах яго клясны кіраўнік разам з намесьнікам дырэктара наведваюць кожную сям’ю. Мы павінны ведаць, якая абстаноўка ў сям’і. І клясная кіраўніца дамовілася з маці, што наведае сям’ю. Усё. Ніякага ціску на дзіця не было. Хлопчык нармальна вучыцца, ніколі да яго ніякіх прэтэнзій не было. Маці займаецца дзецьмі, другое дзіця таксма вучыцца ў нашай гімназіі, дзеці дагледжаныя. Мы проста ў шоку, што такі рэзананс. Мы ня хочам распальваць абстаноўку», — сказала дырэктарка.
На пытаньне, дзе пэдагогі заўважылі «суіцыдальны падтэкст», Яўгенія Невар патлумачыла, што рэч тут зусім ня ў вершы, а нібыта ў Германа на старонцы зьявіліся іншыя допісы, якія выклікалі ў пэдагогаў занепакоенасьць.
«Можа, гэта дзіцёнак ня сам выклаў, а нехта іншы. Але мы мусілі паразмаўляць з мамай. Плянавалася добразычлівая, спакойная размова. Мы вельмі перажываем за сваіх дзяцей, кожнаму ў вочкі заглядваем, псыхоляг праводзіць розныя тэставаньні.
Мы ніякіх прэтэнзій не выстаўлялі, але на ягонай старонцы мы заўважылі выявы з крывёю, ствол, прыкладзены да скроні. Вас не насьцярожыла б такое?» — задае рытарычнае пытаньне дырэктарка гімназіі.
Дырэктарка гімназіі запэўніла, што ў пятніцу ніякая камісія ў сям’ю Германа Лебедзя ня прыйдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады папрасілі зьняць бел-чырвона-белыя сьцягі, вывешаныя ў цэнтры Менску