Заяўка ў выканкам, праслухоўваньне — як жывецца вулічным музыкам у Менску

Вулічныя музыкі ў Магілёве (архіўнае фота)

Ці могуць музыкі свабодна граць на пешаходных вуліцах у Менску? З гэтым пытаньнем разьбіралася Свабода.

25 сакавіка міліцыя затрымала музыкаў Лявона Вольскага, Зьмітра Вайцюшкевіча, Ігара Варашкевіча і Паўла Аракеляна, якія зьбіраліся павіншаваць мінакоў з Днём Волі вулічным канцэртам. Свой выступ яны хацелі зрабіць на перасячэньні вуліц Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Як толькі Вольскі прыйшоў на месца, міліцыянт яго папярэдзіў, што канцэрт будзе расцэнены як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства. Потым да музыкаў пад’ехаў міліцэйскі аўтобус і музыкаў затрымалі «для высьвятленьня асобы». Праз тры гадзіны іх выпусьцілі з пастарунку.

Выступы толькі на падставе закону

Ва ўпраўленьні культуры Менскага гарвыканкаму расказалі, што выступы вулічных музыкаў рэглямэнтуюцца законам аб масавых мерапрыемствах.

Паводле пятага артыкулу гэтага закону, арганізатар павінен падаць заяву ў Менгарвыканкам. Ці паступала заява ў Менгарывканкам наконт выступу музыкаў, намесьнік кіраўніка ўпраўленьня культуры Аляксандар Шастакоў ня ведае, але «на разгляд ва ўпраўленьне культуры нічога не паступала».

«Таму дадатковай інфармацыі мы ня маем», — сказаў карэспандэнту Свабоды Аляксандар Шастакоў.

Ён сказаў, што музыкі павінны падаваць свае заявы ў адмысловую скрыню для карэспандэнцыі.

У 2018 годзе вулічныя музыкі мелі ў Менску 17 пляцовак для выступаў, зь іх 5 у гістарычным цэнтры і 12 у падземных пераходах. Музыкам выдалі каля 200 дазволаў на выступы. Каб выступаць на вуліцах у новым сэзоне, трэба падаць заяўку да 29 красавіка. Пасьля артысты пройдуць праслухоўваньне падчас фэстывалю «Месца пад сонцам» 18 траўня. У 2019 годзе дазволяць граць таксама ў Траецкім прадмесьці, на вуліцах Рэвалюцыйнай і Камсамольскай. Пра гэта паведаміла агенцтву «Менск-Навіны» начальніца ўпраўленьня культуры Менгарвыканкаму Віталіна Рудзікава.

«Для мяне вулічная музыка — гэта найперш свабода»

«Для мяне вулічная музыка — гэта найперш свабода», — кажа музыкант Андрэй Мяшкоў, які яшчэ ў 2014 годзе распрацоўваў праект разьвіцьця вулічнай музыкі. Паводле яго, у выніку вулічная музыка атрымала легальны статус. Цяпер у Менску працуе праект «Падземка».

«У пераходах мэтро можна граць абсалютна легальна. З 2017 году пачаў дзейнічаць праект „Падземка“ у межах праекту „Пешаходка“. На станцыях мэтро расклееныя вялікія налепкі, і пад імі можна афіцыйна граць у вызначаны час. Але для таго, каб граць у вызначаны час трэба зарэгістравацца на сайце пешеходка.бел, прайсьці праслухоўваньне ў канцы красавіка — пачатку траўня і атрымаць дазвол, які дзейнічае цягам году і дазваляе рэгістравацца праз закрытую сыстэму рэзэрвацыі часу выступаў».

Андрэй Мяшкоў

Паводле Андрэя Мяшкова, маючы дазвол, можна «афіцыйна» граць прыкладна па чатыры гадзіны цягам трох дзён. Але міліцыянты могуць спыніць музыканта, калі будзе для гэтага нейкая нагода, нават калі той мае дазвол.

«У прынцыпе граць на пешаходных вуліцах ніхто не забараняе. І калі карыстацца прынцыпам заходнеэўрапейскіх музыкаў — што не забаронена, тое дазволена, — то на вуліцах можна граць, калі гэта не замінае крамам, установам ці жыхарам. Праект „Пешаходка“ ў нас працуе па выходных, пераважна ў суботу. Гэта канцэртны дзень, калі кожны ахвочы, калі ён зарэгістраваны, можа прапанаваць свае выступы каля Ратушы ці ў Карэтным дворыку і на Зыбіцкай. Але гэтая тэма, я лічу, ужо па-за межамі праекту».

Паводле Андрэя Мяшкова, музыкаў тычыцца ўказ аб гастрольнай і канцэртнай дзейнасьці, які мае на ўвазе збор прыбыткаў зь вялікіх канцэртаў у крытых памяшканьнях, і закон аб масавых мерапрыемствах, які рэглямэнтуе выступы на вуліцах.

«Але закон аб масавых мерапрыемствах не рэгулюе камэрцыйнага складніку. На той жа Камсамольскай вуліцы музыкам дазволілі граць, але ў афіцыйна дазволены сьпіс пляцовак яна яшчэ ня трапіла. Бо ў афіцыйнай сыстэме, дзе мы рэзэрвуем час, гэтая пляцоўка яшчэ не зьявілася. Там няма ніякай налепкі, якая дазваляе граць. Таму ў гэтым месцы да музыкаў проста дачапіцца, калі яны там граюць».

«Я ня думаю, што Пол Макартні ці Ніна Гаген бяруць дазвол, каб сьпяваць»

Вядомыя музыкі Лявон Вольскі і Зьміцер Вайцюшкевіч, зь якімі пагутарыў карэспандэнт Свабоды, фактычна ня граюць на вуліцах. Яны кажуць, што ня мелі дазволу, які выдаецца вулічным музыкам. Яны кажуць, што тут рэч нават не ў дазволе, бо іх затрымалі, калі яны яшчэ нават не дасталі свае гітары і не пачалі сьпяваць.

Зьміцер Вайцюшкевіч

​«Я быў адным зь першых музыкаў, хто граў на плошчы Перамогі ў пачатку 90-х гадоў. Я граў на клярнэце, і тады ніхто не патрабаваў дазволу. І ніхто не ганяў. Толькі калі прыходзілі жабракі, я сыходзіў, бо хацеў зь Менску зрабіць Парыж. На Новы год я раздаваў дзецям цукеркі, апранаў строй сьвятога Мікалая. Што тычыцца цяперашніх дазволаў, я ня ведаю, бо на вуліцах даўно ня граў», — сказаў Зьміцер Вайцюшкевіч.

Лявон Вольскі кажа, што сама працэдура і адбор музыкаў для выступаў на вуліцах «досыць прыніжальныя».

Лявон Вольскі

«Які сэнс нам праходзіць адбор, каб граць на вуліцы? Ёсьць людзі, якія на гэтым зарабляюць грошы, граюць кавэры. І некаторыя граюць нават без усялякіх рэгістрацыяў, наколькі я бачу. Мы хацелі нядоўга там пайграць».

Іншы раз вядомыя музыкі выходзілі граць на вуліцу, калі ўлады заносілі іх у «чорныя сьпісы» і не было іншага выйсьця.

«Я ня думаю, што Пол Макартні ці Ніна Гаген бяруць дазвол, каб сьпяваць», — кажа Зьміцер Вайцюшкевіч.