Сэрыю інтэрвію Свабоды з жыхарамі Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны, якія 31 сакавіка выбіраюць сабе прэзыдэнта, завяршае гутарка зь вяскоўцамі — пра сельскую гаспадарку, вайну, дэцэнтралізацыю ўлады, самакіраваньне, спосабы зарабіць безь дзяржавы.
Карэспандэнты Свабоды перад выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны наведалі вёскі за 15–40 кілямэтраў ад беларуска-ўкраінскай мяжы. Жыцьцё беларусаў Гомельшчыны і ўкраінцаў Чарнігаўшчыны шмат у чым падобнае: нізкія пэнсіі і заробкі, дэпрэсіўны стан вёсак і мястэчак. Розьніца — у думках, спадзяваньнях, жыцьцёвай філязофіі. Суразмоўцамі Свабоды былі бізнэсовец, пэнсіянэры, сьвятары, дзяржаўны службовец, юрыстка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы перад выбарамі: «Прыходзіць шэрая маса і выбірае ідыёцкіх прэзыдэнтаў» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы перад выбарамі: «Калі ўлада ня зьменіцца, яшчэ больш народу пяройдзе ў аўтакефальную царкву» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінцы перад выбарамі: «Ня хочам, каб было, як у Беларусі»Пра вяскоўцаў — вэтэранаў вайны на Данбасе
Седнеў (Седнів — па-ўкраінску) — вёска з багатай гісторыяй, турыстычным патэнцыялам і адной тысячай насельніцтва, яна знаходзіцца ў Чарнігаўскім раёне. Пра агульную сытуацыю ў вёсцы расказвае сакратар Седнеўскай сельскай рады Сяргей Маслаў.
У вёсцы працуюць два прыватныя аграпрамысловыя прадпрыемствы, якія вырошчваюць бульбу, збожжа, сланечнік, кукурузу, вырабляюць крухмал, бульбу хуткага прыгатаваньня. Апошняя карыстаецца асаблівым попытам на ўсходзе Ўкраіны, на Данбасе, дзе ідуць баявыя дзеяньні.
Зь вёскі на Данбас прызвалі служыць 31 чалавека.
«Слава Богу, усе вярнуліся жывымі-здаровымі. Некаторыя цяпер працуюць на прадпрыемствах, частка знайшла сябе ў войску, заключылі кантракт», — кажа Сяргей Маслаў.
Пра дэцэнтралізацыю ўлады
Паводле сакратара сельскай рады, праблем у вёсцы хапае, у тым ліку гэта недастатковае фінансаваньне, падтрымка дзяржавай асьветы, мэдыцыны. Асноўны бюджэт сельскай рады складаецца з падаткаў на нерухомасьць і зямлю. Надзея вяскоўцаў — на аб’яднаныя тэрытарыяльныя грамады, якія зьменяць сытуацыю.
«Мы прагнем хутчэй аб’яднацца ў тэрытарыяльную грамаду. Пасьля аб’яднаньня тыя падаткі, якія раней ішлі ў раённы і абласны бюджэт, застаюцца на месцы. Людзі, грамада, самі на ўласную думку могуць выкарыстоўваць па-гаспадарску тыя грошы. За тры гады дзеяньня закону пра тэрытарыяльныя грамады мы заўважылі вялікія паляпшэньні, якія можна вачамі пабачыць і рукамі памацаць. Будуюцца дзіцячыя садкі, робяцца дарогі, набываюцца аўтобусы для падвозу дзяцей у цэнтральныя сады, камунальная тэхніка», — кажа Сяргей Маслаў.
Што такое тэрытарыльныя грамады
Аб’яднаныя тэрытарыяльныя грамады — аснова самакіраваньня ва Ўкраіне. 30% грамадаў ужо аб’яднаныя, астатнія мусяць быць створаныя да 2020 году.
Пасьля ўтварэньня АТГ атрымлівае рэсурсы населеных пунктаў, а таксама адпаведныя паўнамоцтвы. Грамады пераходзяць на прамыя бюджэтныя адносіны зь дзяржаўным бюджэтам, выходзяць з падпарадкаваньня раённых радаў, самі вызначаюць кірунак разьвіцьця і на што траціць заробленыя грошы. Пасьля аб’яднаньня ў бюджэце грамады застаецца 60% падатку на даходы фізычных асобаў, па 100% падатку на маёмасьць і адзінага падатку, падатку на прыбытак устаноў камунальнай уласнасьці, плацяжоў за адміністрацыйныя паслугі, 25% экалягічнага падатку.
Зь дзяржбюджэту АТГ атрымліваюць грошы на адукацыю, мэдыцыну, спорт, культуру, сацыяльную абарону.
Пра спосабы зарабіць у вёсцы
Сяргей Маслаў ня ўтойвае: моладзь цяпер зьяжджае зь Седнева, бо тут заробкі малыя, каб утрымліваць сям’ю, плаціць камунальныя паслугі.
«Ёсьць падзел грамадзтва — людзі савецкага мэнталітэту і эўрапейскага. Многія людзі пачалі разумець, што цяпер дзяржава ня прыйдзе і ня дасьць, таму пачалі сябе праяўляць у розных кірунках», — кажа сакратар сельсавету.
У вёсцы шмат людзей трымаюць кароў, малако прымаюць прыватнікі.
Вяскоўцы маюць паі — зямельныя надзелы, якія атрымалі пасьля ліквідацыі калгасаў. Іх яны могуць абрабляць самі ці здаваць у арэнду. Напрыклад, за здачу ў арэнду можна атрымаць за год 7 тысяч грыўняў (каля 260 даляраў).
«Цэны розныя, залежыць ад рэгіёну. Аграхолдынгі паміж сабой канкуруюць і стаяць у чэргах на зямлю, таму ў людзей зьявілася магчымасьць больш зарабляць на сваіх паях. Калі чалавек не працуе на прадпрыемстве, то працуе на ўласнай гаспадарцы і мае прыбытак ад бульбы, малака, морквы, ягадаў», — тлумачыць Сяргей Маслаў.
Чаканьні ад выбараў у яго такія: «Каб была большая дзяржаўная падтрымка, упэўненасьць у заўтрашнім дні, праца, годны заробак», — кажа сакратар сельскага савету.
Сяргей Маслаў упэўнены: «Калі так пойдзе, праз гадоў дзесяць Украіна сапраўды стане эўрапейскай краінай».
Пра канфлікт пакаленьняў
У райцэнтры Рэпкі на галоўнай плошчы некалі стаяў Ленін. Цяпер застаўся пастамэнт у колерах нацыянальнага сьцяга.
На плошчы агітуюць за Пятра Парашэнку і Юлію Цімашэнку. «Гаспадыня» намёта за Цімашэнку — пэнсіянэрка Галіна Рыгораўна. Пачынае нам пералічваць, што добрага для ўкраінцаў зрабіла гэтая жанчына-палітык. «Ой!» — зьедліва заўважае яе зяць, які дапамагае складаць намёт. «Ну што ой, багата чаго яна зрабіла, багата!», — пачынае спрачацца пэнсіянэрка, але, зірнуўшы на зяця, абяцае маўчаць.
Яе зяць Алег лічыць, што ў краіне нешта зьменіцца толькі тады, калі забароняць галасаваць пэнсіянэрам.
«Тыя бабулькі мала што разумеюць і выбіраюць нам і нашым дзецям будучыню. Ну што гэта такое? Чаму да 18 нельга галасаваць, а пасьля 60 можна?», — кажа Алег.
Алег працуе ў камунальнай гаспадарцы. Заробак — каля 4 тысяч грыўняў (150 даляраў). Мала, але працы ў Рэпках наогул вобмаль.
«Няма дзе тут працаваць, няма дзе зарабляць. Хочам, каб было лепш, але як атрымаецца, ня ведаем», — кажа Галіна Рыгораўна.
Яна атрымлівае пэнсію каля 2 тысяч грыўняў (75 даляраў). Задаволеная, што мае субсыдыю на камунальныя паслугі.
«Я люблю сваю Ўкраіну, я яе не памяняю ні на што, гэта мая бацькаўшчына», — кажа пэнсіянэрка.
Яе сыны жывуць у Маскве і цяпер ня могуць прыехаць да маці, тым больш адзін зь іх вайсковец.
Маладая маці Натальля атрымала 70 тысяч грыўняў па нараджэньні дзіцяці.
Штомесяц «дзіцячыя» складаюць 860 грыўняў (30 даляраў). З 2019 году ва Ўкраіне запрацаваў яшчэ адзін від сацыяльнай дапамогі маладым бацькам — «муніцыпальная нянька». Сям’я можа дадаткова атрымліваць 1626 грыўняў (60 даляраў) на кампэнсацыю паслуг нянькі незалежна ад таго, выходзіць маладая маці на працу ці не.
Натальля расказвае, што моладзь цяпер у Рэпках не затрымліваецца — едуць на заробкі ў Чэхію ці Польшчу, бо ў райцэнтры працы няма.
«Мае ўсе надзеі, мары і будучыня — гэта маё дзіця», — кажа Натальля.