Сама Нобэлеўскакя ляўрэатка тлумачыць, што пазыцыю Пазьняка ёй пераказалі заходнія журналісты.
Нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч перад пасяджэньнем свайго інтэлектуальнага клюбу ў Менску 26 сакавіка, прысьвечаным тэме кампрамісу, сярод іншага, выказалася пра кіраўніка Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянона Пазьняка.
«Я адразу прыгадала свой дыялёг з Пазьняком, які недзе гадоў 15 таму казаў, што ў гэтую краіну трэба... ніводнай таблеткі, нічога, нягледзячы на тое, што там дзеці хворыя. Такім чынам дыктатура хутчэй рухне. Калі мяне спыталі, я сказала, што ў мяне іншае меркаваньне. Калі вось гэтыя лекі, якія там немцы, швэды зьбяруць, і калі вы ўратуеце аднаго, двух дзяцей, дык для мяне гэта важней».
Зянон Пазьняк пракамэнтаваў для Радыё Свабода гэтую цытату.
«Я з Алексіевіч незнаёмы асабіста і ніколі ў жыцьці зь ёй не размаўляў. Тое, што яна гаворыць, гэта Лукашэнка нумар 2 — сказаць рэч, якую ніхто ня можа праверыць. Але гэта хлусьня.
Па другое, [Беларускі Народны] Фронт і я асабіста былі ініцыятарамі стварэньня некалькіх арганізацый, у тым ліку "Дзеці Чарнобылю", якія выратавалі тысячы людзей, тысячы дзяцей. Развозілі лякарствы, вазілі дзяцей за мяжу. Арганізацыя "Дзеці Чарнобылю" потым дзейнічала самастойна, адна дзейнічала ў Фронце, дзейнічала ў Магілёве. Фронт праводзіў велізарную работу па выратаваньню чарнобыльцаў, ня кажучы ўжо пра заканадаўчую».
У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды Сьвятлана Алексіевіч патлумачыла сваё выказваньне на паседжаньні інтэлектуальнага клюбу.
«Гэта быў не дыялёг, а проста ў яго была такая пазыцыя, пра якую мне казалі заходнія журналісты. "Вось вы агітуеце, каб мы дапамагалі, а ў той жа час ваш Зянон Пазьняк, які цяпер за мяжой, лічыць, што такім чынам мы дапамагаем дыктатуры". А я сказала, што ў мяне іншы погляд. Што я паезьдзіла па чарнобыльскіх вёсках, дзе не было нават бінтоў і асьпірыну, і я прашу вас, калі магчыма, дапамагайце, бо мы дапамагаем дзецям.
А наконт таго, што ён незнаёмы са мной — мы нават некалі вылучаліся па адной акрузе, размаўлялі, пакуль ён ня зьехаў і ня стаў са мной нязгодны».
Зянон Пазьняк таксама пракамэнтаваў сытуацыю з гуманітарнай дапамогай для Беларусі.
«Чалавек не арыентуецца ў справе. Рэжым даўно ўжо — гадоў 15 таму — спыніў усякую гуманітарную дапамогу. Гуманітарная дапамога вымушаная была згарнуцца, таму што ўлады наклалі лапу і абавязвалі, каб усё ішло празь дзяржаўныя структуры, праз чыноўнікаў, якія будуць красьці і разьмяркоўваць. Дапамогу спыніў Лукашэнка, рэжым спыніў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Бахарэвіч vs Марціновіч. 15 яскравых цытатаў з «Інтэлектуальнага клюбу» Алексіевіч. ВІДЭА