Прэм’ер-міністар Індыі Нарэндра Модзі абвясьціў пра выпрабаваньні супрацьспадарожнікавай ракеты, якой быў пасьпяхова зьбіты спадарожнік, што знаходзіўся на арбіце.
Індыя такім чынам стала чацьвёртай краінай сьвету, якой удалося стварыць і пасьпяхова выпрабаваць такую зброю, напісаў Модзі ў твітары. Ён падкрэсьліў, што гаворка ідзе пра гістарычную падзею і назваў сваю краіну «касьмічнай дзяржавай».
Дакладную дату выпрабаваньняў і іншыя падрабязнасьці прэмʼер-міністар Індыі не паведаміў. Посьпех выпрабаваньняў ракеты, як адзначае The New York Times, яшчэ патрабуе пацьверджаньня. На дадзены момант такой зброяй валодаюць Расея, ЗША і Кітай.