Віленскі акруговы суд 27 сакавіка абвясьціў прысуд па справе аб падзеях 13 студзеня 1991 году. За ваенныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасьці былы міністар абароны СССР Дзьмітрый Язаў завочна асуджаны да 10-ці, а былы афіцэр КДБ Міхаіл Галаваты — да 12-ці гадоў пазбаўленьня волі.
Язаву цяпер 94 гады, ён жыве ў Маскве і ён — адзіны жывы маршал Савецкага Саюзу. Галаватаву, які ў 1991 годзе кіраваў групай «А» і штурмаваў тэлецэнтар у Вільні, — 69 гадоў.
У першую гадзіну чытання прысуду дзясяткам абвінавачаных былі абвешчаныя тэрміны пакаранmня ад чатырох да 12 гадоў. Калегія судзіла большасць абвінавачаных завочна, перад судом паўсталі толькі два савецкія афіцэры, грамадзяне Расеі — затрыманы ў Літве з 2014 году Юры Мель і Генадзі Іваноў, які жыве ў Вільні.
Справу аб падзеях 13 студзеня 1991 году пачалі разглядаць у Вільні ў студзені 2016 году. У справе 65 абвінавачаных. Сярод іх — генэрал-лейтэнант Уладзімер Усхопчык, які цяпер жыве ў Беларусі і займаў пасаду намесьніка міністра абароны. У 1991 годзе менавіта Ўсхопчык быў камандзірам Віленскага гарнізону. У 2011 годзе па просьбе Генпракуратуры Літвы Ўсхопчыка дапыталі ў пракуратуры Беларусі.
Уладзімеру Ўсопчыку прысудзілі 14 гадоў пазбаўленьня волі. Юры Мель прысуджаны да сямі гадоў пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання залічаны тэрмін яго ўтрыманьня, таму, калі прысуд не будзе зменены, ён выйдзе на волю праз два гады. Генадзь Іваноў асуджаны на чатыры гады пазбаўлення волі, ён можа знаходзіцца на волі да ўступленьня прысуду ў сілу — у дачыненьні да яго суд не прызначаў меру стрыманьня ў выглядзе арышту.
Генпракуратура Літвы прапаноўвала пакараць былога міністра абароны СССР Дзьмітрыя Язава і яшчэ пяцёх афіцэраў пажыцьцёвым зьняволеньнем. Пацярпелымі ў справе прызнаныя амаль 700 чалавек, у якасьці сьведак была апытаная амаль тысяча чалавек. Расея адмовілася супрацоўнічаць з Літвой у расьсьледаваньні гэтай справы і адхіліла просьбу апытаць былога кіраўніка СССР Міхаіла Гарбачова.
Пры захопе савецкімі вайсковымі часткамі і спэцпадразьдзяленьнямі Віленскай тэлевежы і будынка Літоўскага радыё і тэлебачаньня ў ноч на 13 студзеня 1991 году загінулі 14 чалавек, больш за тысячу бяззбройных людзей пацярпелі.